Найбуйнейшы ў Беларусі форум раварыстаў адбыўся ў Гомлі


Як развіць культуру роварнага руху ў Беларусі, ды што рабіць для развіцця роварнай інфраструктуры? Пытанні абмеркавалі на форуме «ПраРовар» у Гомлі, які з’яўляецца найбуйнейшай падзеяй гэткага кшталту ў Беларусі.

Як зрабіць Гомель больш утульным для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху? Патрэба ў гэтым наспела даўно, мяркуюць гомельцы:

«Нават у цэнтры гораду ёсць месцы, дзе праехаць вельмі цяжка, бо ёсць вялікія бардзюры і няроўныя ходнікі».

«У горадзе не так шмат веласцежак, і ў прынцыпе мала што прыстасавана для веласіпедыстаў, я думаю, што ўвесь вось гэты рух паспрыяе новым сцежкам для раварыстаў, каб было зручна перасоўвацца, каб было зручна і нам, і пешаходам, і аўтамабілістам», – распавядаюць удзельнікі велапрабегу з Гомля.

Стварыць інфраструктуру для патрэб раварыстаў з дапамогаю гомельскай абласной ДАІ ўпершыню спрабавалі 4 гады таму, аднак працягу ініцыятыва не мела. Як рэалізаваць рэкамендацыі на практыцы з улікам беларускага заканадаўства, аматары роварнай язды прапанавалі на форуме.

Дзмітрый Трусаў, прадстаўнік грамадскага руху «ВелаГомель»:

«Вельмі паказальны досвед Горадні, досвед Берасця, досвед Вялейкі, Наваполацку, Менску, там нейкія ідэі ўжо рэалізаваныя, якія ў нас пакуль што саромеюцца рэалізоўваць, і калі праходзіць гэта падчас адкрытай сесіі, можна нашмат хутчэй дастукацца да чыноўнікаў».

Завершылася падзея велапрабегам за бяспечную язду. Удзельнікі ўпрыгожылі свае транспартныя сродкі флікерамі і каляровымі ліхтарыкамі. Святлана Кароль, кіраўніца грамадскага руху «ВелаГомель»:

«Гэта такі яскравы клічнік, яскравы рэверанс нашаму гораду, ён называецца «Дамо святло нашаму гораду». Мы насамрэч хочам, каб у гэтым горадзе было святло веласіпедызму».

Першым вынікам форуму сталася дамова з менскай кампаніяй для пракату ровараў «Колабайк»: ужо з наступнага тыдня яна прывязе ў Гомель 100 сваіх ровараў, і байкшэрынг стане дасяжны таксама ў горадзе над Сожам.

Юлія Лабанава belsat.eu