Нагорны Карабах: ці магчымае замірэнне?


Канфлікт у Нагорным Карабаху ператвараецца ў вайну. Арменія і Азербайджан, нягледзячы на заклікі лідараў Францыі, Расеі ды ЗША спыніць агонь, пагражаюць больш магутнымі адказамі на атакі праціўніка. Ці ёсць шанец на перамірʼе? Адказу шукалі мае калегі.

Міністэрства абароны Азербайджану паведамляе пра 2300 забітых і параненых армянаў, але Ерэван гэтай інфармацыі не пацвярджае. У адказ кажа пра знішчэнне цяжкай агнямётнай сістэмы ТОС-1А вайсковых сілаў Азербайджану і пра турэцкія ўдарныя беспілотнікі «Байрактар ТБ2». На жорсткія баявыя дзеянні дзвюх краінаў адрэагаваў прэзідэнт Францыі. Эманюэль Макрон асудзіў заяву Турцыі, гатовай на ваенную падтрымку Баку ў канфлікце Азербайджану з Арменіяй, і заклікаў сабраць Менскую групу АБСЕ. Азербайджанскія эксперты бачаць у гэтым інтарэс Францыі.

«У Францыі не ўсё добра з Турцыяй. Адносіны Францыі з Турцыяй да мяжы абвостраныя ў іншых рэгіёнах – ва ўсходнім Міжземнамор‘і. Выступаючы ў Рызе, Макрон наўпрост заявіў, што ён звяртаецца да армянскага народу і не дапусціць аднабаковых дзеянняў у гэтым рэгіёне. Гэта праармянская пазіцыя», – кажа азербайджанскі палітолаг Ільгар Вэлізадэ.

Рада бяспекі ААН заклікала бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху спыніць агонь. Армянскія эксперты кажуць, што патрабаванні не маюць выразных указанняў і нясуць у такім выглядзе рэкамендацыйны характар.

«Тут не пазначана, хто напаў, хто пачаў. Ведаюць, хто пачаў, бо пра гэта Азербайджан заяўляў. Але пасля гэтага яны сталі вінаваціць нас, што мы самі на сябе напалі. Тут не гаворыцца пра сутнасць карабахскага канфлікту, не гаворыцца пра будучыню. То бок гэта вельмі кароткая такая заява», – гаворыць армянскі палітычны эксперт Рубэн Мэграбʼян.

Што ж датычыць міратворчага кантынгенту, прапанавАнага Крамлём для ўрэгулявання канфлікту ў Нагорным Карабаху, Арменія пакуль што супраць. А яе эксперты заяўляюць, што ў краіне ёсць, каму сачыць за парадкам.

«У зоне канфлікту Нагорнага Карабаху ўжо ёсць міратворцы, і імя гэтым міратворцам – Армія абароны Арцаху і ўзброеныя сілы Арменіі», – кажа Рубэн Мэграбʼян.

Азербайджанскі бок не бачыць нічога дрэннага ў міратворцах і зазначае: калі Арменія далучыцца да абмеркавання, з прыцягненнем Менскай групы, – такі варыянт магчымы.

«У аднабаковым парадку гэта немагчыма, трэба жаданне бакоў і мандат АБСЕ. Згодна з Мадрыдскімі прынцыпамі, на адным з этапаў урэгулявання міратворчыя сілы мусяць быць уведзеныя ў зону канфлікту, яны павінны быць міжнароднымі, інтэрнацыянальнымі», – гаворыць Ільгар Вэлізадэ.

Але пакуль прэмʼер-міністр Арменіі не падтрымлівае прапановы Крамля. Больш за тое, Ерэван можа прызнаць Нагорны Карабах незалежнаю дзяржаваю, з чым не пагаджаюцца азербайджанцы, якія называюць гэтыя тэрыторыі гістарычна сваімі. Тым часам кіраўнікі непрызнаванай Рэспублікі Нагорны Карабах заяўляюць, што па іх мірным насельніцтве працягваюцца абстрэлы.

«На жаль, мы можам сказаць, што Азербайджан з самага пачатку наносіць удары па цывільных паселішчах і абʼектах інфраструктуры, што заўважна цяпер у рэгіёне. І ўчора вечарам узброеныя сілы Рэспублікі Арцах збілі ў Сцепанакерце два ўдарныя беспілотнікі», – заяўляе прэс-сакратар прэзідэнта Нагорнага Карабаху Ваграм Пагасьян.

У мірныя перамовы не верыць ні адзін з бакоў. Мінабароны Арменіі заяўляе, што вайна будзе працягвацца, пакуль Азербайджан не адступіць. Там заяўляюць, што няма сэнсу ў закліках да дыялогу аб Карабаху з боку асобных краінаў пасля безвыніковых намаганняў Менскай групы АБСЕ.

Анастасія Русецкая, Валерыя Кірычава