Аб'ектыў 19.11.2019 Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага набылі палякі Жытоміршчыны


Сенсацыйная знаходка ўвесну скіравала ўвагу адмыслоўцаў і медыяў да ўкраінскага гораду Чуднаў. Жыхар гораду знайшоў у сябе на падворку надмагільную пліту беларускага паэта, даследчыка і фантаста Яна Баршчэўскага. Гісторыя атрымала развіццё.

Чаго толькі не знаходзіў на сваім падворку працаўнік комплекснага абслугоўвання Анатоль Прыходчанка. Аднойчы выкапаў бочку з нямецкімі надпісамі, іншым разам – цалкам захаваны шкілет. 17 гадоў таму спадару Анатолю трапілася чыгунная пліта.

«Калі газ вялі, капалі ды кідалі сюды трубу. На глыбіні 30–40 сантыметраў убачылі пліту. Я спачатку падумаў – камень. Потым гляджу – іржаўчына на ёй. Дзёўб, дзёўб і дастаў», – распавядае Анатоль Прыходчанка.

Тоўстая цяжкая пліта шукала сабе месца ў гаспадарцы – то пад хлявом, то ў сабачай будцы. Пакуль у спадара Анатоля не падрасла дачка, якая вырашыла расшыфраваць таямнічыя літары.

«Я гуляла, думала, чым заняцца, мне стала цікава, што там напісана. Я паспрабавала перакласці з дапамогаю інтэрнэту. Выйшла, што гэта Ян Баршчэўскі, беларускі і польскі пісьменнік, які быў тут, у Чуднаве», – кажа Лена Прыходчанка.

Вестка пра знаходку разляцелася па Жытоміршчыне. Даведаўшыся пра пліту, старшыня Жытомірскага саюзу палякаў ды прафесар мясцовага ўніверсітэту Уладзімір Яршоў паехалі ў Чуднаў. Паводле прафесара, гэтая знаходка прымусіць перапісаць энцыклапедыі.

Старшыня Жытомірскага саюзу палякаў Вікторыя Ляскоўская-Шчур кажа:

«Мы можам цяпер з упэўненасцю сказаць, калі нарадзіўся Ян Баршчэўскі. Дасюль дата ягонага нараджэння была на чатыры гады пазнейшая».

Спадарыня Вікторыя, у сваю чаргу, вырашыла заняцца аднаўленнем надмагільнага знаку і выкупіла знаходку ў гаспадара – па цане металу.

«Я баялася, каб яна папросту не знікла, – тлумачыць спадарыня Вікторыя. – Зараз мы плануем зрабіць на яе пашпарт адмысловы, бо гэта гістарычная табліца. Зробім рэканструкцыю, а потым будзем вырашаць з мясцовымі ўладамі – ці гэта будзе помнік пры касцёле, ці на касцёле знак».

Свой праект помніку прапанаваў кіраўнік Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі ды Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега. Аўтар праекту Уладзімір Райчэнка – ён жа стварыў першы і пакуль адзіны ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку. Аднак ці гэты ж скульптар увекавечыць памяць беларускага фантаста ў Чуднаве – будуць вырашаць мясцовыя ўлады ды польская супольнасць.

Мястэчка Чуднаў у Жытомірскай вобласці Украіны калісьці належала Канстанціну Астрожскаму. Але статус гораду Чуднаў атрымаў зусім нядаўна, у 2012 годзе. Тут не так шмат падзеяў і славутасцяў. Калі ж усё пойдзе згодна з планам, у касцёле неўзабаве з’явіцца памятная пліта Яна Баршчэўскага.

Адэля Дубавец belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары