«На якой падставе вы ставіце плот?» Працяг бітвы за Грушаўскі сквер

У Грушаўскім скверы Менску ізноў неспакойна. Зараз там тэрмінова ставяць плот і вядуцца будаўнічыя працы. Мясцовыя жыхары – супраць. Яны звярнуліся па дапамогу да міліцыі і ў адміністрацыю Маскоўскага раёну сталіцы, да якога адносіцца Грушаўскі сквер, каб разабрацца, у чым сітуацыя.

Рабочыя свідруюць адтуліны ў зямлі ды ўсталёўваюць плот – у Грушаўскім скверы пачалася будоўля. Мясцовыя жыхары занепакоеныя, што хутка ледзь не адзіная зялёная зона ў раёне метро «Грушаўка» будзе знішчаная. Напярэдадні ўвечары каля Грушаўскага скверу мясцовыя жыхары заўважылі, што побач з дрэвамі рабочыя пачалі ставіць слупы для плота.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«На нашае галоўнае пытанне – на якой падставе вы ставіце плот, ці можна пабачыць дакументы – адказалі, што пакажуць толькі з міліцыяй», – распавядае Зміцер, які жыве ў Грушаўцы.

Мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю, але і пасля прыезду нараду рабочыя дакументаў не паказалі.

«Мы напісалі зварот, будзем чакаць адказу. Хай шукаюць паперку. Не магу сказаць, што мы можам быць пэўнымі, але, на маё асабістае меркаванне, паперкі ў іх няма», – кажа мясцовы жыхар Дзяніс.

Фота: Ксенія Тарасевіч. Будаўнікі ў Грушаўскім скверы

Барацьба за захаванне Грушаўскага скверу працягваецца не толькі на вуліцы, але і ў кабінетах. Сёння на сустрэчу да адміністрацыі Маскоўскага раёну хадзілі адразу некалькі мясцовых жыхароў. Весці аўдыя- і відэазапіс сустрэчы чыноўнікі забаранілі. Вынікі ж візіту – не аптымістычныя. Прынамсі 13 дрэваў перасадзяць, а 40 – ссякуць.

«Адказаў на галоўныя пытанні я не атрымаў, у асноўным яны спасылаліся на рашэнні Менгарвыканкаму, вышэйшага органу. З карыснай інфармацыі: было заяўлена, што на працягу двух тыдняў будзе зноў абвешчанае правядзенне грамадскага абмеркавання», – кажа мясцовы жыхар Антось Мяцвяйчук.

Пра тое, што дрэвы ў Грушаўскім скверы збіраюцца высякаць, а на іх месцы плануюць пабудаваць жылы дом на некалькі пад’ездаў, мясцовыя жыхары даведаліся летась. Юрысты кажуць, што само рашэнне аб ушчыльненні Грушаўскага скверу было прынятае з парушэннем закону «Аб раслінным свеце».

Фота: Ксенія Тарасевіч. Будаўнікі ў Грушаўскім скверы

«Спачатку мусіць быць зацверджаная схема азялененых тэрыторыяў, і толькі потым вынесенае вырашэнне, якое можа яе памяншаць ці павялічваць. У выпадку з Грушаўскім скверам рашэнне было вынесенае да зацвярджэння схемы», – кажа юрыстка грамадскага аб’яднання «Экадом» Таццяна Мілач.

Каб захаваць сквер, яго абаронцы ладзілі розныя акцыі, а таксама запісалі зварот да кіраўніка краіны. Сярод планаў – звароты ў пракуратуру і суд. Таксама жыхары збіраюцца на прыём у Менскі гарвыканкам.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама