На Веткаўшчыне Купалле адсвяткавалі «Талакою»


Вянкі і вогнішча, песні і арэлі, крупнік і спальванне ведзьмы – Купалле, бадай што самае прыгожае ды містычнае свята беларускага народнага календара. Ля вёскі Хальч на Веткаўшчыне зладзіла Купалле грамадская арганізацыя «Талака», а прыехалі на свята ўдзельнікі з Гомля, Веткі, Слоніму, Менску і Рэчыцы.

«Ужо соты раз на Купаллі, гэта адно з маіх улюбёных святаў. Гэта свята сонца, плоднасці, ураджаю і ўсяго, што ёсць добрага, светлага і чыстага на нашай зямлі», – зазначае ўдзельніца свята Лідзія Лешчанка.

Лета ў «Аб’ектыве»
Паглядзіце, як святкуюць Купалле ў Польшчы
2018.07.11 21:00

Гушканне хлапцамі дзевак на арэлях – адзін з рытуалаў, які, на думку навукоўцаў, сімвалізуе містычны саюз зямлі і неба, а на чалавечым узроўні – мужчыны і жанчыны. Увогуле ж старажытнае свята ў гонар летняга сонцастаяння звязанае з ушанаваннем усіх прыродных стыхіяў.

«Ачышчэнне ўсімі стыхіямі – не толькі адной, калі агонь прабуджаецца, але і вогнішчам, і вадой, і паветрам. Яно і вакол, і ўнутры, і гэта такі мікра- і макракосм, і гэта змешваецца ды адчуваецца скурай», – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца свята Наталля Кадзетава.

Купальская вячэра з рытуальнымі яечняй і крупнікам – напоем з зёлак, спецыяў, гарэлкі і мёду.

Апоўначы ўдзельнікі распальваюць купальскае вогнішча ў форме калодзежа з колам наверсе.

Скрозь усё свята ўдзельнікі абраду водзяць карагоды, якія сімвалізуюць, на думку навукоўцаў, бясконцы рух жыцця вакол сонца і цяпла.

Welcome ў Беларусь
Як кітайцы святкавалі Купалле і хаваліся ад камароў
2018.07.08 21:00

Паводле народных уяўленняў пра Купалле, у гэтую ноч адбываецца разгул нячыстай сілы: ведзьмы і чэрці спрабуюць нашкодзіць чалавеку.

«Купальская ноч, з аднаго боку, – разгул нячыстай сілы, але з другога – час, калі можна з гэтаю нячыстаю сілай змагацца. Ведзьма, якую спальваюць, – гэта збіральныя вобразы. Якраз збіральны вобраз ведзьмы – гэта ўсё кепскае, што сабралі за гэты год, і яно спалілася», – распавядае кіраўнік «Талакі» Пятро Цалка.

Спевы і танцы на Купалле працягваюцца ўсю ноч.

На досвітку дзяўчаты варожаць на вянках: пускаюць іх па вадзе.

Фота
Купалле на хутары Вайцюшкевіча. Фотаздымкі
2017.07.08 21:04

«Купалле для мяне адкрыла нашую культуру з іншага боку, паказала, наколькі гэта глыбока, па-сапраўднаму, і наколькі мы можам далей гэта праносіць ды не забываць, адчуць любоў ад кожнага чалавека да прыроды, да сябе, да іншых людзей – для мяне гэта Купалле, і я па гэта сюды еду», – распавядае ўдзельніца свята Юлія, якая прыехала на купалле з Менску.

І куды ж без купання на досвітку – яшчэ аднаго купальскага рытуалу ачышчэння для самых стойкіх!

Ірына Дарафейчук, «Белсат»