На сябра Каардынацыйнай рады ціснуць праз ягоны бізнес


Улады Беларусі працягваюць ціснуць на актыўных прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Аб павышаным інтарэсе ўсіх правяральных структураў да ягонай дзейнасці заявіў прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Аляксандр Варыкіш, які ачольвае фонд «Краіна замкаў».

Дзяржкантроль прыйшоў у офіс «Краіны замкаў» роўна праз месяц пасля выбараў, 9-га верасня, і не сыходзіць дагэтуль. Яшчэ сем раённых службаў за апошнія дні пабывалі на шляхецкім хутары ў вёсцы Родзевічы Ашмянскага раёну, які належыць Аляксандру.

«Раскіданыя абрэзкі будматэрыялаў… Раскіданыя, гэта калі яны хаатычна валяюцца на тэрыторыі або..?»

Шляхецкі маёнтак роду Ракіцкіх 1918 года прымае турыстаў ужо 13 гадоў, праца з усімі раённымі службамі была адладжаная, усе пытанні развязваліся ў працоўным парадку. І вось цяпер маёнтак наведалі ўсе, пачынаючы ад санітарнай службы, пажарных, Упраўлення архітэктуры, землеўпарадчыкаў і заканчваючы электрасеткамі ды аховай прыроды.

«Санстанцыя напісала, што «прылягаючыя тэрыторыі аграсядзібы не ўтрымліваюцца ў чысціні, раскіданы абрэзкі будматэрыялаў, металалом, аўтамабільныя шыны». Але гэта цырк. Калі паглядзець, тут у нас ніводнага недапалу няма, грабіцца лісце, я за гэтым гляджу», – распавядае дырэктар фонду «Краіна Замкаў» Аляксандр Варыкіш.

Шынаў мы не пабачылі, а дошкі ёсць. На гаспадарчым двары, такі звычайна маюць усе ў вёсках. Турысты сюды не ходзяць. Але праверку найбольш турбуюць дзве пабудовы – хата і свіран – помнік архітэктуры пачатку 20-га стагоддзя.

«Праект мы не рабілі, бо трэба было рабіць хутка, іначай яго бы калгас парэзаў на дровы і ўсё. Так гэта ўнікальны помнік, і мы яго сюды перавезлі. Цяпер фармуецца рашэнне, каб яго знесці, каб яго выкінуць. Вось гэта падыход да нашай спадчыны», – кажа Аляксандр Варыкіш.

Аляксандр падзяліўся гэтай гісторыяй у сацсетках. І нават не чакаў, што атрымае такую моцную чалавечую салідарнасць у адказ. Тэлефанавалі спецыялісты ў галіне абароны працы, архітэктары, якія гатовыя бясплатна дапамагчы з праектам. А ў офісе фонду тэлефоны апошнія дні не сціхаюць.

«Ведаеце, вельмі шмат працы, нашыя людзі нас вельмі добра падтрымалі, тэлефануюць няспынна, няма калі каментары даваць», – прызнаецца спецыяліст па турызме фонду Яна Курыцкая.

Шмат хто вырашыў падтрымаць кампанію праз пакупку экскурсіі. Звычайна цягам года маёнтак Ракіцкіх прымае каля тысячы наведнікаў. Але сёлета дзяржаўныя органы сваім наездам справакавалі да сядзібы небывалы інтарэс.

Алена Пазняк, belsat.eu