На што маюць права пацыенты?

У Сусветны дзень хворага варта ўспомніць аб правах пацыента. То бок аб правах кожнага з нас, бо ўсе мы хоць раз сутыкаліся з сістэмай аховы здароўя. Але ці добра ведаем, на якія правы ў медустановах мы можам разлічваць?

А праблема з веданнем нашых правоў існуе. Паводле анкетавання «Партнёрства пацыенцкіх арганізацыяў Беларусі», узровень інфармавання пацыентаў у прававых пытаннях яшчэ ніжэйшы, як 5-7 гадоў таму, кажа каардынатарка партнёрства Алена Грыгор’ева:

«Гэта можа быць звязана з рознымі фактарамі: як з актыўнасцю і саміх грамадскіх арганізацыяў, так і, напэўна, з мабілізацыяй пацыенцкіх суполак, бо мы назіраем некаторы спад апошнім часам».

Якія ж правы пацыента ведаюць жыхары нашай сталіцы?

«Права на добрае лячэнне, якога ў гэтай паліклініцы я не бачыла».

«Без панятку, не ведаю».

«На добрае абслугоўванне, каб лекар дасканала цябе паглядзеў, зрабіў усе патрэбныя абследаванні і, адпаведна, вылечыў, калі ёсць на гэта магчымасць».

«Ну на бясплатнае абслугоўванне, напэўна, на лячэнне».

«Я і не ведаю іх нават, якія правы. Нашыя правы не выконваюцца. Вось мяне ганяюць туды-сюды. 31-ая, а мяне ў 40-ую. І ніяк не магу прайсці адну працэдуру».

Штогод незадаволеныя якасцю медычнай дапамогі дасылаюць у Міністэрства аховы здароўя прыблізна пяць тысяч скаргаў. Канфлікт можна развязаць і на ўзроўні ўстановы. Калі нічога з вышэй пералічанага не дапаможа, звяртайцеся да медыятара, чалавека, які развязвае канфлікты, каб справа не дайшла да суда.

«Першапачатковы штуршок канфлікту – узаемаадносіны. Доктар вельмі часта з-за недахопу часу, асабліва ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, не паспявае ўсталяваць тэрапеўтычнага супрацоўніцтва. Непаразуменне паміж доктарам і пацыентам выклікае скаргі на няякаснае аказанне дапамогі», – паведаміла Алеся Хоміч, юрыстка ў галіне медычнага права і медыятарка.

Асноўныя правы пацыента акрэсленыя ў артыкуле 41 Закону аб ахове здароўя. Але ёсць тыя правы, якія вынікаюць і з іншых прававых актаў.

«Безумоўна, чалавеку непадкаванаму, які не валодае адмысловымі ведамі ў галіне права, юрыспрудэнцыі, дастаткова цяжка знайсці, на што ён мае права. Нам, юрыстам, якія працуюць з нормаю права, абараняць у тым ліку і правы дактароў, і правы пацыентаў, хацелася б больш канкрэтыкі», – падзялілася Алеся Хоміч.

Сярод іншага пацыенты маюць права на выбар доктара і медычнай установы, на ўдзел у выбары метадаў надання медычнай дапамогі і на паважлівае стаўленне з боку працаўнікоў аховы здароўя. Агулам жа з закону вынікае, што вы маеце права кантраляваць працэс лячэння і змяняць яго. Сачыце за сабою ды будзьце здаровыя.

Дзіяна Раткевіч belsat

Глядзі таксама