На развітанне з мэрам Гданьску прыйшлі 45 000 чалавек


Прэзідэнт, міністры, мэры, блізкія, родныя, знаёмыя і каля 45 тысяч простых людзей прыйшлі развітацца з забітым тыдзень таму на дабрачынным канцэрце мэрам Гданьску Паўлам Адамовічам. Палітыка пахавалі ў галоўнай святыні гораду – базіліцы Святой Марыі.

Найвялікшы цагляны касцёл на свеце – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гданьску – не здолеў змясціць усіх ахвотных развітацца з забітым у мінулую нядзелю мэрам гораду – Паўлам Адамовічам. Як падае польская паліцыя, пахавальную цырымонію наведалі каля 45-ці тысячаў чалавек.

19 студзеня 2019 года. Людзі на вуліцах Гданьску падчас жалобнай імшы ў базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота – Лукаш Дэйнаровіч/Forum

Цырымонія распачалася з польскага гімну ды рэквіему Джакамо Пуччыні, пасля чаго слова ўзялі самыя блізкія сваякі Паўла Адамовіча.

«З самага пачатку нашага шлюбу я ведала, што тваю любоў мушу падзяляць з Гданьскам. І падзяляла, але не раўнавала. Добра разумела, што ты вельмі любіш Гданьск, і ён патрэбны табе, а Гданьск любіць цябе і ты патрэбны яму. Цяпер мы засталіся самыя. Самыя, але не самотныя», – сказала Магдалена Адамовіч, удава Паўла Адамовіча.

19 студзеня 2019 года. Магдалена Адамовіч, удава Паўла Адамовіча, падчас жалобнай імшы ў памяць забітага мэра Гданьску. Фота – Лукаш Дэйнаровіч/Forum

Адная з галоўных прычынаў забойства – нянавісць у публічнай прасторы, сыходзіліся ў меркаваннях наведнікі пахавальнай цырымоніі.

«Гэта звон трывогі. Заклік да нашага сумлення – змяніць стыль палітычнага, грамадскага, сацыяльнага і медыйнага жыцця. Каб мы канчаткова пазбавіліся ад мовы пагарды, прыніжэння, знявагі, абдзірання скуры годнасці ў нашых блізкіх і знаёмых. Далей гэтак быць не можа. Мы кажам стоп», – працягнуў арцыбіскуп Гданьску Славай Лешэк.

Напярэдадні ўвечары труну з нябожчыкам пранеслі праз усе важныя для былога мэра месцы. Людзі, што развітваліся з Паўлам Адамовічам, стварылі самае вялікае ў свеце сэрца са знічоў. Амаль два дні ў Польшчы трывала нацыянальная жалоба.

19 студзеня 2019 года. Людзі на вуліцах Гданьску падчас жалобнай імшы ў базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота – Лукаш Дэйнаровіч/Forum

Павэл Адамовіч быў паранены 13 лютага падчас гданьскага дабрачыннага канцэрту «Вялікага аркестру святочнай дапамогі». 27-гадовы жыхар Гданьска ўварваўся на сцэну, дзе стаяў палітык, і ўдарыў Адамовіча нажом. Лекары канстатавалі, што нападнік ёсць псіхічна нездаровым. Раней яго ўжо судзілі за напады на банкі.

Паўлу Адамовічу было 53 гады. Ён кіраваў Гданьскам больш за 20 гадоў. У мінулым ён быў актыўным удзельнікам руху антыкамуністычнай апазіцыі.

Падчас кіравання Гданьскам ён актыўна падтрымліваў дэмакратычныя ініцыятывы ў Беларусі, дапамагаў зачыненаму ўладамі Коласаўскаму ліцэю.

«Мая бабуля нарадзілася ў Смаргоні – гэта на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Эмацыйна гэта вельмі звязвае мяне з клопатамі ды праблемамі Беларусі», – распавядаў Адамовіч нашаму каналу.

У панядзелак у амбасадзе Польшчы ў Беларусі адкрыюць кнігу спачуванняў у сувязі са смерцю Паўла Адамовіча.

Сцяпан Святлоў/«Белсат»; фота вокладкі – Daniel Frymark/Forum