«На нас ёсць артыкул, але няма дакументаў»: завадчане звярнуліся ў суд па незаконнасці звальненняў


Два дзясяткі звольненых работнікаў Менскага электратэхнічнага заводу падалі сёння пазоў у суд Партызанскага раёну сталіцы, каб абскардзіць звальненне з прадпрыемства.

Пра сваё звальненне некаторыя працаўнікі Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова даведаліся па выхадзе з адпачынкаў. На іх былі складзеныя дакладныя за беспадстаўную адсутнасць на працоўным месцы ды акты быццам бы пра адмову падпісваць тлумачальныя.

Вось толькі на рукі копіі гэтых дакументаў звольненым работнікам не аддалі.

«Падставаю для адмаўлення абазначылі тое, што гэта дакументы ўнутранага карыстання, і людзі не кампетэнтныя атрымоўваць такія дакументы. Іх звальняюць, а яны не кампетэнтныя бачыць, за што», – распавядае звольненая з МЭТЗ Яніна Малаш.

Станоўчы вынік разгляду позвы былыя работнікі заводу ставяць пад сумненне. Але і пакідаць без увагі парушэння сваіх правоў таксама не хочуць.

«Калі б быў звычайны час, я б, напэўна сказаў, што суд стане на наш бок, бо гэта парушэнне працоўнага кодэксу. Як цяпер будзе… Думаю, мала хто можа прадказаць, што на гэты момант будзе. Вядома, хочацца верыць, што гэта сапраўды парушэнне, што гэта ўлічаць», – разважае звольнены з МЭТЗ Віталь Чычмароў.

Тым не менш, рэпрэсіі на прадпрыемствах у дачыненні работнікаў, якія далучаюцца да страйку, трываюць. Гэтак, з «Беларуськалію» былі звольненыя 49 працаўнікоў. Паводле афіцыйнай версіі, прычынаю сталіся прагулы. Прадстаўнікі стачкаму прадпрыемства сцвярджаюць: людзям помсцяць, іх намагаюцца запужаць.

«Гэта не першы выпадак звальнення. Людзі былі звольненыя так ці іначай. Проста лічба гэтая не агучвалася з боку кіраўніцтва прадпрыемства. І вось цяпер яны вырашылі яе агучыць, выкаціць гэтыя лічбы. Бо да ўчора ніхто не ведаў дакладна, колькі людзей было звольнена менавіта з фармулёўкаю «за прагулы», – мяркуе прэс-сакратар стачкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас.

Сёння ж раніцаю затрымлівалі сустаршыню стачкаму Анатоля Бокуна, яго даставілі ў РАУС, дзе склалі акт на выманне ў яго паляўнічай зброі. Анатоль цяпер на волі. І, не зважаючы на ціск на ўдзельнікаў ды актывістаў стачкаму, яго шэрагі стала папаўняюцца.

«Людзі далучаюцца штодня, калі казаць пра апошні тыдзень. У пэўныя дні больш, у пэўныя дні менш, але так ці іначай дынаміка ў нас пазітыўная», – сцвярджае Глеб Сандрас.

На сітуацыю з ціскам на работнікаў прадпрыемстваў ужо звярнулі міжнародныя структуры. Выканкам Глабальнага прафзвязу «IndastriAll» выдаў рэзалюцыю пра аднаўленне звольненых працаўнікоў. Іначай да прадпрыемстваў ды іх кіраўнікоў прыменяць санкцыі.

«Яны падымуць пытанне міжнародных гандлёвых арганізацыяў. Прафзвязы дзейнічаюць паўсюдна, і з імі лепей не жартаваць, з міжнароднымі арганізацыямі. Бо можа быць усё: і арганізаваны байкот тавараў, арганізаваны байкот паставак камплектавальных. Могуць абмежаваць выезд кіраўнікам у краіны Еўразвязу ды іншыя», – кажа старшыня Свабоднага звязу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Акрамя таго, звальненне высокакваліфікаваных работнікаў адгукнецца на вытворчых здольнасцях прадпрыемстваў, а значыць, і на іхным прыбытку, упэўнены Аляксандр Бухвостаў.

 

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»