На гарадзенскія гістарычныя будынкі з’явіўся попыт


Будынак былога гарадзенскага палаца Чацвярцінскіх быў прададзены інвестару. Некалькі год у Горадні інвестары не куплялі гістарычных будынкаў.

Гарадзенскі палац Чацвярцінскіх пуставаў шэсць гадоў і ў выніку знайшоў уладальнікаў. Будынак першай медакадэміі ў Беларусі быў пабудаваны на прыканцы 1770 гадоў, пазней стаў палацам, а апошнія гады там знаходзілася вайсковая камендатура. Год таму будынкам моцна зацікавіўся вядомы расейскі музыка Андрэй Разін, але так і не набыў. У выніку палац купіў уладальнік Гарадзенскага парку атракцыёнаў за мільён 690 беларускіх рублёў.

«Не кожны інвестар будзе ўкладаць свае грошы ў будынак, які зараз разбураецца і ў які трэба больш сродкаў укласці ў аднаўленне, чым пабудаваць занава напрыклад», – звяртае ўвагу гісторык Таццяна Касатая-Герасюк.

Уладальнік хоча зрабіць у былым палацы месца прыцягнення моладзі. Згодна заканадаўству, пакупнік мусіць правесці рамонт або рэканструкцыю будынку і ўвесці яго ў эксплуатацыю на працягу 4 гадоў.

«У выкарыстанні гэтага закону канешне шматлікія будучыя ці патэнцыйныя ўладальнікі могуць сутыкнуцца з вялікай колькасцю праблемаў і хутчэй за ўсё, што яны не хочуць звязвацца з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі – гэта вялікая адказнасць», – дадае Таццяна Касатая-Герасюк.

Сёлета ў сакавіку на аўкцыёне прадалі яшчэ адзін старадаўні гарадзенскі абʼект – будынак піўзаводу. Пажар 2017 году, што знішчыў паддашша, зрабіў яго менш прывабным для інвестараў. Комплекс будынкаў набыла кампанія « МБА Інвестмэнт» за мільён 250 тысяч рублёў. Цяпер ідзе даследаванне комплексу, гаспадарчыя пабудовы, якія не ўяўляюць гісторыка-культурнай каштоўнасці плануюць знесці. Сам комплекс збіраюцца аднавіць ды выкарыстоўваць у турыстычным бізнесе.

«Гэтыя будынкі, кварталы, не змяняліся, захавалі свой знешні воблік на працягу да сёння, праз часы стагоддзяў. Гэта тое, што можна сказаць подых гісторыкі. Яны ўтвараюць гарадскую прастору, непаўторную аўру гораду і фактычна зʼяўляюцца горадам», – распавядае пра каштоўнасць гэтых гістарычных будынкаў кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч.

Гаспадароў яшчэ не знайшлі будынкі па вуліцы Васілька, 8 дзе апошнім часам была больніца і драўляныя дамы па вуліцы Міцкевіча, 7 і 9. Яшчэ год таму гарадзенскія ўлады разглядалі магчымасць зносу ўнікальных дамоў, аднак, гарадзенцам удалося іх адстаяць. Бліжэйшы аўкцыён па продажы гэтых будынкаў мае адбыцца 11 чэрвеня.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»