Аб'ектыў 24.01.2019 На Дзень Волі-2019 плануецца вялікае свята на стадыёне «Дынама»


Роўна два месяцы засталося да святкавання «Дня Волі-2019»: 101-угодкі Беларускай Народнай Рэспублікі будуць адзначаныя ў Менску і рэгіёнах краіны 24 сакавіка. Арганізатары імпрэзы – Партыя БНФ і культурна-асветніцкая пляцоўка «Амарока» збіраюць грошы праз краўдфандынгавую платформу «Талака» і абяцаюць вялікі канцэрт для 30 тысяч ўдзельнікаў.

Менскі стадыён «Дынама» змяшчае 22 246 гледачоў. Менавіта тут мае адбыцца Дзень Волі – 2019, і арганізатары мяркуюць, што вольных месцаў не будзе. Рыхтавацца да імпрэзы арганізатары распачалі, заклікаўшы неабыякавых грамадзянаў ахвяраваць на маштабнае святкаванне. Адгукнуліся 250 асобаў, якія сабралі больш за 10 тысяч рублёў.

«Асабіста для мяне гэта каштоўнасны выбар, бо мне хацелася б падтрымаць правядзенне падобнага мерапрыемства. Але я, як журналіст, працую на такіх імпрэзах і не маю магчымасці ўдзельнічаць. А тут у мяне ёсць магчымасць падтрымаць фінансава», – кажа фундатар і журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Цягам двух месяцаў неабходна сабраць яшчэ каля сарака тысяч рублёў. Ці гатовыя людзі ахвяраваць на свята і ўзяць у ім удзел, цікавімся ў мінакоў на вуліцах Менску:

«Рублёў пяць – неяк так».

«Думаю, што так – апошнім часам мяне вельмі цікавіць беларуская культура, дызайнеры, брэнды».

«Мае ўнукі пойдуць – дакладна».

«Так, але я буду працаваць у гэты час. Я павёў бы ўнучку і дачок, але яны таксама будуць вучыцца. Бо беларуская мова – яна цудоўная і каштоўная. І гэтае мерапрыемства і людзям глядзець, і слухаць беларускую мову таксама патрэбна. А гэтае свята пакажа, што самая беларуская нацыя ёсць».

«Не часта бываюць такія імпрэзы ды яшчэ і бясплатна. Сядзяць каля сваіх тэлевізараў і камп’ютараў, таму няблага было б выйсці».

«Калі не буду працаваць – абавязкова пайду».

Арганізатары «АРТ Сядзіба» і партыя БНФ заяўляюць, што святкаванне 101-х угодкаў БНР будзе яшчэ маштабнейшае, чым юбілей ля Опернага тэатру: мітынг і канцэрт мае доўжыцца з 14-й да 22-й гадзіны вечара.

«Я перакананы, што сёлета будзе яшчэ больш бел-чырвона-белых сцягоў, яшчэ больш удзельнікаў і яшчэ большы розгалас гэтая імпрэза атрымае», – кажа намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч.

Арганізатары свята спадзяюцца, што атрымаюць дазвол Менгарвыканкаму правесці Дзень Волі на стадыёне «Дынама». Хоць адміністрацыя стадыёну заявіла, што не зможа вылучыць пляцоўкі для канцэрту, спаслаўшыся на рыхтаванне да Еўрапейскіх гульняў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары