На БМЗ не даюць арганізаваць незалежны прафсаюз


Больш за 200 асобаў жадаюць далучыцца да незалежнага прафсаюзу на БМЗ. Кіраўнікі заводу пачалі ціск на актывістаў арганізацыі.

На Беларускім металургічным Андрэй працуе 7 гадоў. Але сёння разумее: з месцам на заводзе можа развітацца ў любы момант. Тыдзень таму слесар-рамонтнік стаў адным з адзінаццаці заснавальнікаў новага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве. Колькасць тых, хто жадае далучыцца, ужо перавысіла дзвесце асобаў. Рэакцыі кіраўніцтва таксама доўга чакаць не давялося.

«Двум людзям ужо прыйшлі і наўпрост сказалі: «Звальняйцеся, ці будзем шукаць спосаб адхіліць вас з гэтага прадпрыемства і не даць арганізаваць вашую нізавую арганізацыю». Праводзяць прафілактычныя гутаркі. Людзей спрабуюць запалохваць рознымі метадамі: пазбаўленне прэміі, звальненне, не працягнуць кантракт» – кажа слесар-рамонтнік кранавага абсталявання на БМЗ Андрэй Мартысюк.

Апошняю кропляй для Андрэя сталіся падзеі на заводзе 17-га жніўня. Тады работнікі на знак пратэсту спынілі печы ў адным з цэхаў.

«Гэта ўжо ўсё, назад няма куды было ісці. На людзей пачалі ціснуць, пачалі ўшчамляць людзей. Напарніка соднямі пакаралі плюс штраф адміністратыўны далі. Сілаў трываць такое бязмежжа не засталося, арганізаваліся сваёй кампаніяй людзей і пачалі прабівацца ў незалежны прафсаюз», – кажа Андрэй.

Паводле старшыні незалежнага прафсаюзу, актыўным удзельнікам тых падзеяў у сярэдзіне жніўня сталі адмаўляць у падаўжэнні кантрактаў. Скасаваныя дамовы ўжо з двума працаўнікамі заводу.

«Першы чалавек 20 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве і трапіў пад непрацягненне. Другі быў хлопец малады: прапрацаваў 9 гадоў. За ўсе 9 гадоў – адна заўвага. І ён таксама трапіў пад непрацягненне. Наступны хлопец у нас вылятае ў студзені. Ну, і далей паводле спісу. Усе, хто быў заўважаны або актыўна сябе праявіў», – кажа старшыня нізавой арганізацыі Беларускага Незалежнага Прафсаюзу на БМЗ Вадзім Лапцік.

Але, не зважаючы на ціск з боку кіраўніцтва, колькасць ахвочых уступіць у незалежны прафсаюз з кожным днём толькі расце.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»