На акцыю за незалежных кандыдатаў у Маскве прыйшлі сотні, на мітынг КПРФ – тысячы


Нешматлікія пікетоўцы з плакатамі і некалькі сотняў масквічоў, якія прыйшлі паглядзець на пратэстоўцаў, а таксама тры дзясяткі журналістаў. Гэтак выглядала сённяшняя маскоўская акцыя на падтрыманне незалежных кандыдатаў Масгардумы на Срэценскім бульвары ды праспекце Сахарава. Там затрымалі аднаго чалавека – Дзмітрыя Батуру.

Глядзіце рэпартаж Ігара Кулея ў поўным выданні навінаў

Сілавікі рыхтаваліся да любога варыянту развіцця падзеяў: у цэнтры дзяжурылі аўтазакі і камунальныя цяжкавікі. Але паліцыя толькі пасіўна назірала, як пікетоўцы перадаюць адно аднаму плакаты. Адзінае затрыманне адбылося ўжо пасля акцыі, на Старым Арбаце. З адзіночнымі пікетамі выйшлі сярод іншых муніцыпальныя дэпутаты Ілля Азар, Андрэй Мораў, лідар партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі.

«Мы мірны пратэст, мы максімальна даём уладзе магчымасць вярнуць дыялог у разумнае законнае рэчышча, – кажа муніцыпальны дэпутат Андрэй Мораў. – Цяпер асноўнае – каб вызвалілі палітзняволеных. Гэта 16 асобаў, якім пагражаюць тэрміны ад 8 да 13 гадоў».

«Улады выбралі тактыку запужвання, татальнага запужвання. І калі сёння гэта пратэст актывістаў, пратэст муніцыпальных дэпутатаў, то з часам ён будзе перарастаць у сур’ёзны палітычны пратэст», – кажа Грыгорый Яўлінскі.

Пасля дазволенай маскоўскімі ўладамі 50-цітысячнай акцыі ў мінулыя выходныя ніхто не ведаў, як будуць развівацца падзеі суботы. Сталічная мэрыя зноўку зрабіла некалькі прэвентыўных захадаў. Па-першае, не дала дазволу пікетаваць, а па-другое, для адцягнення ўвагі зладзіла вялікі канцэрт у парку Горкага з удзелам поп-зорак: Кіркорава, Арбакайце, Лаліты. Зрэшты, на яго таксама прыйшло зусім няшмат народу.

У выніку самаю масавай імпрэзай у расейскай сталіцы стаўся дазволены мітынг партыі КПРФ за сумленныя выбары. Паводле звестак арганізацыі «Белы лічыльнік», на яго прыйшлі 4000 асобаў. Лідары камуністаў Генадзій Зюганаў і Павел Грудзінін заклікалі дапусціць да выбараў незарэгістраваных кандыдатаў ды выпусціць з ізалятараў усіх фігурантаў гэтак званае справы аб масавых закалотах.

«Калі нехта жульнічае, гэта заўсёды дрэнна. Незалежна, у адносінах добрых ці дрэнных людзей, няважна. Красці чужое права – гэта няправільна. За гэтым узнікаюць іншыя праблемы ў грамадстве. Улада цяпер не здольная перамагчы ў сумленнай сутычцы», – кажа кандыдат на дэпутата Масгардумы Павел Тарасаў.

Большаю колькасцю затрыманняў адзначыўся Санкт-Пецярбург, дзе ля Гасціннага двара таксама праходзіла акцыя з патрабаваннем сумленных выбараў, у пастарункі даставілі семярых асобаў. Пры гэтым, паводле звестак МУС, затрымалі толькі траіх удзельнікаў акцыі.

Пікеты 17-га жніўня сталіся шостаю з ліку пратэставай акцыяй у Маскве. Маніфестанты патрабуюць дапусціць незалежных кандыдатаў да выбараў у Масгардуму і прыняць змены ў выбарчае заканадаўства. Паліцыя сувора разганяла папярэднія мітынгі і праводзіла масавыя затрыманні.

Паводле праваабарончага праекту «ОВД-Инфо», на акцыі 27-га ліпеня працаўнікі ў пагонах затрымалі больш за 1300 чалавек, яшчэ больш за 1000 асобаў былІ затрыманыя 3-га жніўня.Наш тэлеканал асвятляе пратэсты ў наўпроставым эфіры, стрымамі ў сацыяльных сетках і на «Ю-Тʼюбе».

Ігар Кулей, «Белсат»