Мянчук дамогся адмены канцэрту «блатных» расейцаў з «Бутыркі»


«На краткосрочную свиданку

Увидеть близких корешей

Наш автопарк уж спозаранку

Петляет по тропе зверей»

Засумавала братва – ажно чыфір нясмачны. Група «Бутырка» не выступіць перад менскімі «карэшамі» ні ў чацвер, ні ў найбліжэйшай будучыні. Квіткоў не прадаюць, афішы знялі. Што за «беспрэдзел», «начальнік»?

«Мы гэтага не ведаем, мы каса. Трэба звяртацца да арганізатараў», – кажа касірка.

«Блатняк» у Беларусі незаконны

Хіты «Какая осень в лагерях», «За ростовскую братву» і «Бутырская тюрьма» маглі б прагучаць у вялікай зале Палацу Рэспублікі. Прадзюсары абяцалі найбольшы канцэрт за гісторыю выступаў у Менску.

Аднак супраць «Бутыркі» ў Беларусі выступіў актывіст Зміцер Салошкін. Абурыўшыся блатным рэпертуарам, ён за тыдзень да канцэрту напісаў некалькі «лістоў шчасця» – без эмоцыяў, канцэлярскай мовай, са спасылкамі на заканадаўства.

«Напісаў зварот у сам Палац Рэспублікі, у Менгарвыканкам, ва Ўпраўленне справамі прэзідэнта, бо Палац Рэспублікі належыць да гэтага ўпраўлення. Таксама напісаў у ідэалагічнае ўпраўленне МУС з просьбай, каб яны мяне падтрымалі», – распавёў грамадскі актывіст.

Міліцыі тэксты гурту не спадабаліся

Паводле звароту Салошкіна, творчасць групы «Бутырка» стварае негатыўны вобраз працаўнікоў праваахоўных органаў. У Міністэрстве ўнутраных справаў падзякавалі за пільнасць і паведамілі, што канцэрту не будзе. Зміцер кажа, што лепш бы «Бутырка» проста не прадала дастаткова квіткоў. Але калі і змагацца з крымінальнаю рамантыкай, то тою ж зброяй, што і праціўнікі беларускай культуры.

«На гэта мяне яшчэ падштурхнула навіна, што гурту «Дзецюкі» адмовілі з канцэртам у Менску, і спасылка на адпаведны ўказ. Прыйшлося прачытаць усе гэтыя ўказы», – кажа спадар Салошкін.

Меркаванні беларусаў падзяліліся.

Наколькі этычна звяртацца да ўладаў, каб забараніць канцэрт крымінальнага «блатняку»? Ці варта жорстка цэнзураваць такую творчасць?

«Згодны з гэтым рашэннем і меркаваннем шмат каго».

«Цэнз можа ўвесці, каб малыя не хадзілі. А тыя, каму трэба, блатныя людзі хай ходзяць слухаюць».

«А што, усім іншым можна прыязджаць, а ім не? Хай бы прыехалі папелі».

«Калі аднойчы я пачула, што яны мелі канцэрт у Белдзяржфілармоніі, для мяне гэта быў шок».

– мяркуюць мінакі.

Замест «Бутыркі» ў Палацы Рэспублікі можна схадзіць на канцэрт «Металікі» з сімфанічным аркестрам. А потым пачнуцца навагоднія святкаванні для дзяцей.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».