«Мы ўжо за сваё жыццё адрабілі». Беларусы не гатовыя цярпець дзеля будучыні краіны


Пахвалілі – манетарную палітыку, канстатавалі – рызыкоўную залежнасць ад Расеі. Міжнародны валютны фонд заклікаў улады Беларусі да больш рашучых рэформаў. Якія могуць ударыць па кішэнях беларусаў. Ці гатовыя нашыя суайчыннікі ў чарговы раз зацягнуць паясы дзеля светлае будучыні?

Магчымасць новага падаражэння паслуг ЖКГ пужае беларусаў. Апытаныя намі менчукі кажуць:

«Калі заробак мой такі як цяпер, то я, вядома, не гатовы для гэтага».

«Па нейкай хоць і зніжцы хай будуць жыллёва-камунальныя паслугі. Мы ўжо за сваё жыццё адрабілі».

«Маё пакаленне дастаткова цярпела. Вось і адказ увесь».

Людзі не бачаць сэнсу выкладаць зусім не лішнія грошы са сваіх кішэняў. А вось Міжнародны валютны фонд настойвае. З заявы МВФ наконт Беларусі:

«…Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва трэба павысіць да ўзроўню пакрыцця затратаў цягам трох гадоў, што павінна суправаджацца пашыраным і больш адрасным выдзяленнем субсідыяў для змякчэння наступстваў для хатніх гаспадарак з нізкім узроўнем даходаў і найбольш уразлівых катэгорыяў».

Згадваюцца два вусцішныя словы: «шокавая тэрапія». Але ў рэчаіснасці не ўсё так сумна. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari», тлумачыць:

«Цэны на большасць тавараў і паслуг у нас ужо рынкавыя. Магчыма, гаворка ідзе толькі пра рост тарыфаў за ацяпленне».

Апроч павышэння тарыфаў на ЖКГ МВФ рэкамендуе:

– захаваць і ўзмацніць незалежнасць палітыкі Нацыянальнага банку дзеля стабільнасці беларускага рубля;

– павялічыць урадавае падтрыманне прыватнага сектару;

– шчыльна заняцца дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Апошняе, сярод іншага, таксама выклікае немалы непакой у грамадстве. Бо пры закрыцці нежыццяздольных заводаў на вуліцах апынецца мноства работнікаў. А годнай дзяржаўнай дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі проста няма, але выхад ляжыць на паверхні.

«Тыя грошы, якія цяпер зарываюцца ў пясок на падтрыманне гэтых хранічна стратных прадпрыемстваў, – іх жа можна накіраваць на сацыяльнае падтрыманне тых, хто будзе звольнены», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».

Заўважылі ў МВФ і залішнюю залежнасць Беларусі ад яе ўсходняга суседа. З заявы МВФ наконт Беларусі:

«…Пры любым узмацненні глабальнай геапалітычнай напружанасці Беларусь можа трапіць у надзвычай складаную сітуацыю, улічваючы яе глыбокія гандлёвыя і фінансавыя сувязі з Расеяй».

Гаворка перадусім пра гэтак званы расейскі падатковы манеўр. У выніку якога ўжо налета беларускі бюджэт можа недалічыцца ажно трохсот мільёнаў долараў за мыты з расейскага чорнага золата. У фондзе прызнаюць, што Масква можа кампенсаваць страты свайму хаўрусніку, але раяць рыхтавацца да горшага.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu