«Мы не ў стане стрымаць гэтага звера». Як здымалі серыял «Чарнобыль»?


На тэлеканале НВО выходзіць апошні эпізод міні-серыялу «Чарнобыль». Мастацкі твор адзначыўся пераказам чарнобыльскай трагедыі як драмы звычайных людзей, а таксама дакладнай дэталізацыяй эпохі позняга СССР.

Рэквізіт для стварэння фільму бралі ў тым ліку на «Беларусьфільме», але асноўныя сцэны здымаліся ў Літве і Кіеве. Прапаноўваю паглядзець, як стваралася літоўская частка самага папулярнага серыялу пра нашую тэхнагенную катастрофу.

Акторы масоўкі і мясцовыя жыхары распавядаюць:

«Я памятаю гэты дзень вельмі добра, у мяне праз некалькі дзён нарадзіўся сын».

«Адгалоскі былі паўсюль, дзе я быў, у Беларусі, у Літве, у Сібіры».

«Я ўзгадваю маладосць і гэтую страшную вестку, якую тады СССР не абвесціў усяму свету, што адбылося».

«Тады ніхто нічога не казаў, што адбылося. Мы даведаліся толькі праз 3-4 дні, калі шведы абвесцілі пра радыяцыю».

«Я сам ледзь не трапіў у ліквідатары Чарнобыля. Ледзь выкруціўся. Мог бы цяпер не хадзіць па зямлі пасля гэтай страшнай аварыі. Усе мае таварышы, што там былі, сышлі».

Джэрэд Гэрыс у ролі прафесара Валерыя Легасава:

«Раней я ведаў пра Чарнобыль толькі тое, што радыеактыўная хмара пралілася над Ўэльсам у Брытаніі, і нельга было есці бараніну і піць малако адтуль некалькі гадоў. Але цяпер я ведаю значна больш».

Стэлян Скашгорд у ролі Барыса Шчарбіны, віцэ-прэм’ера СССР:

«Чарнобыль – гэта не прыклад небяспекі атамнай энергетыкі, гэта прыклад таго, наколькі небяспечным можа быць тып грамадства, пабудаванага на міфах і хлусні».

Юган Рэнк, рэжысёр міні-серыялу «Чарнобыль»:

«Калі я пачынаў гэты праект, я быў прыхільнікам атамнай энергетыкі, бо думаў, што гэта чыстая крыніца электрычнасці. Але цяпер маё стаўленне змянілася. Не думаю, што мы ў стане стрымаць гэтага звера».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu