Музыкі, студэнты ды журналісты на лавах падсудных – працяг судовых рэпрэсіяў


«Граў музыку, чым выражаў нязгоду з існым ладам» – гэта словы з пратаколу музыкі Паўла Аракеляна, якому напярэдадні прысудзілі 15 содняў. Сёння такую ж пастанову пачуў Андрусь Такінданг, якога таксама затрымалі пасля выступу на дваровым канцэрце. Гэтая інфармацыя ўжо з’яўлялася ўчора, але з датаю рашэння ўсё ж памыліліся. Разам з салістам затрымалі і ўвесь гурт «Recha».

«Я адразу ж патэлефанавала ў Фрунзенскі РАУС. Навучаная досведам, што зазвычай не распавядаюць, ці ёсць хтосьці, я сказала: «Вітаю, вам музычныя інструменты прывозілі?» – «Так, вунь стаяць» – «Цудоўна. А вось калі этапуюць музычны інструмент?» І тут ён зразумеў, што трэба было адказваць нешта іншае. Кажа: «Афармляюць вашыя музычныя інструменты», – распавядае жонка музыкі Кастуся Лісецкага Арына Лісецкая.

Тым жа вечарам пасля дваровага канцэрту затрымалі музычны гурт «НагУаль». Саліст Леанід Паўлёнак таксама атрымаў сёння 15 содняў. Прысудаў іншым музыкам абодвух гуртоў пакуль што няма.

Студэнты таксама працягваюць пратэставаць, не зважаючы на судовыя рэпрэсіі. Гэтак, за акцыю 26-га кастрычніка каля Віцебскага медычнага ўніверсітэту студэнтку другога курсу Паліну Нітчанку пакаралі штрафам амаль 650 рублёў.

«Затрымалі чатырох чалавек, наколькі я ведаю. Сярод іх была мая сяброўка. Яны адседзелі трое содняў у ізалятары. У мяне ўжо запланаваны сёння савет прафілактыкі ў гэтай справе, наколькі я разумею. Думаю, што нейкія праблемы будуць, але без гэтага ж ніяк», – падзялілася Паліна.

Журналісты таксама часта трапляюць на лаву падсудных. Сёння мелі вынесці пастанову Алесю Сабалеўскаму з інфармацыйнага парталу «Магілёўскі рэгіён», але паседжанне за нібы ўдзел у маршы 13-га верасня перанеслі на заўтра.

«Я не ведаю, чым скончыцца. Пратакол так і не дапрацаваны. Больш за тое, той пратакол, які мяне вінаваціць вось у гэтым удзеле, мне не паказвалі, не складалі пры мне», – паведаміў Алесь Сабалеўскі.

Падчас працы на гэтым судзе сёння затрымалі нашага калегу, фрылансера Аляксандра Сідарэўскага, каб той адбыў недаседжаныя 12 содняў.

«У кастрычніку Сідарэўскаму суд Магілёўскага раёну прысудзіў 15 содняў арышту нібыта за ўдзел у мірным маршы. Сідарэўскі сцвярджаў, што працаваў на гэтым маршы. Натуральна, што ён там працаваў, ён быў у камізэльцы «Прэса», – успамінае фрылансерка Аліна Скрабунова, якая супрацоўнічае з «Белсатам».

На 15 содняў за нібыта ўдзел у пратэсце адправілі сёння затрымАных у суботу журналістаў Рамана Папкова і Кацярыну Карпіцкую.

«Яна не заслугоўвае ніякага асуджэння, бо яе віна не пацвярджаецца ніводным з доказаў: ані пісьмовых, ані абвешчаных у судзе. Гэта той выпадак, калі нам сапраўды пашчасціла, нам удалося сабраць мноства доказаў, якія цалкам зняпраўджваюць віну», – паведамляе адвакат Кацярыны Андрэй Мачалаў.

За кратамі застаюцца таксама нашыя калегі, фрылансеры Яўген Шапчыц і Арцём Лява. Суд так і не адбыўся праз вялікую колькасць затрыманых. Учора ў Беларусі разгледзелі 240 справаў за ўдзел у пратэсце. 95 асобаў атрымалі арышты агулам на больш як 1300 содняў, агульная сума штрафаў для 131-ой асобы склала больш за 50 тысячаў рублёў.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu