Мутная вада, смурод і мор рыбы. Экалагічная катастрофа на рацэ Дзітва


Сапраўдную экалагічную катастрофу зазнала некалі чыстая рака Дзітва ў Лідскім раёне. Мясцовыя запэўніваюць – корань праблемы ў небяспечных адкідах, што трапляюць у ваду.

Лідчанка Вольга 8 гадоў таму набыла лецішча на маляўнічым беразе Дзітвы. Разам з сям’ёю жанчына добраўпарадкавала бераг, і ўся сямʼя штогод улетку купалася ў рацэ.

«Вада была празрыстая, знаходзячыся тут, мы маглі бачыць дно на тым беразе, настолькі была чыстая вада, празрыстая, пясочак. Цяпер вось мы бачым зеляніну, яшчэ ўчора мы бачылі дохлую рыбу, але яна ўжо па плыні сплыла», – кажа Вольга.

Тыдзень таму мясцовыя жыхары заўважылі, што вада ў рацэ стала бруднаю, да таго ж зʼявіўся непрыемны пах гнілля. Мясцовыя актывісты пачалі разбірацца ў сітуацыі.

«Зараз рыба тут пагніла і патанула, ужо і чайкі расцягалі, а на відэа добра бачна, колькі тут рыбы, якіх памераў, ад малькоў да трафейных экзэмпляраў», – паказвае відэа з морам рыбы грамадскі актывіст Сяргей Пантус.

Адносна мора рыбы старшыня Лідскай гарадской інспекцыі яшчэ на мінулым тыдні супакойваў чытачоў мясцовай газеты:

«Усё сведчыць аб прыроднай зʼяве: рыбе проста не стае кіслароду, і яна задыхаецца. Што датычыць знешняга выгляду і паху: пад уздзеяннем высокіх тэмператураў трава і рыба гніюць», – казаў тады Аляксей Гайко.

Але ці спякота – прычына бруднай вады?

У раку Дзітву ўпадае безыменны ручай. Менавіта праз яго вада ў рацэ такая брудная. Вось тут выразна відаць, як воды ручая псуюць раку Дзітву. Актывісты ў пошуках прычыны прайшлі ўздоўж ручая. І знайшлі трубу са сцёкамі ад розных установаў.

«З трубы цячэ ўвесь час, але маленькі струменьчык цёк, паху не было. І напор тут, зараз пэўна, з дзясятак кубаметраў на хвіліну выліваецца, і можна ўявіць, колькі за тыдзень тут вылілася, тут з дзясяткі тонаў, калі не тысячы тонаў, кубаметраў», – кажа грамадскі актывіст Сяргей Пантус.

Ужо тыдзень жыхары спрабуюць датэлефанавацца ў інспекцыю прыродных рэсурсаў. Але марна. Ад безвыходнасці яны патэлефанавалі ў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

«Тут заняты тэлефон, запішыце нумар тэлефона», – казаў дыспетчар МНС.

«Вы ведаеце, гэта дзіўна, але ён заняты цэлы тыдзень», – абураецца Дзіяна Берэнс, удзельніца таварыства «Прыазёрнае». Яна і іншыя ўдзельнікі садовага таварыства «Прыазёрнае» цяпер у разгубленасці. – «Цягам цэлага тыдня нічога не адбываецца, акрамя вас да нас сюды ніхто не прыехаў, ні ахова прыроды, ні санстанцыя, абсалютна ніхто».

Цяпер з дапамогаю мясцовых актывістаў удзельнікі садовага таварыства збіраюць подпісы пад зваротам у пракуратуру і гарадскую інспекцыю прыродных рэсурсаў з патрабаваннем разабрацца ў сітуацыі.

«Летась у нас было штосьці падобнае, пачыналася. Гэта быў адзіночны выкід, мы напісалі ліст, неяк адрэагавалі – усё, ліквідавалі праблему. Сёлета мы думалі прыблізна тое самае, гэтак жа яно і спыніцца. Але, на жаль, яно толькі ўзмацнялася», – распавядае Людміла Бялова, старшыня таварыства «Прыазёрнае».

Атрымаць каментар у Лідскай інспекцыі прыродных рэсурсаў выявілася няпроста: кіраўніка няма на месцы, а ягоны намеснік Віктар Баркун ад размовы з журналістамі адмовіўся:

«Не ўпаўнаважаны каментаваць пытанне. Такія пытанні трэба задаваць начальніку інспекцыі».

Хто адказны за скідванне бруднай вады, бліжэйшымі днямі будуць разбірацца дзяржаўныя органы.

Наста Кахановіч, belsat.eu