Моцная супольнасць супраць моцнага рэжыму


Да пачатку выбарчай кампаніі было тры палітвязні, цяпер іх 17. Гэта непасрэдныя канкурэнты Лукашэнкі на выбарах, іхныя паплечнікі ды ўплывовыя блогеры. Ці знясе хваля рэпрэсіяў грамадзянскую актыўнасць?

Ператрус удома, пераезд у ізалятар і крымінальная справа – усё цягам содняў… Паводле крымінальнага артыкулу 342 затрыманыя блогеры Сяргей Пятрухін і Уладзімір Няронскі. Іх абвінавачваюць у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. За кратамі апынуўся і аўтар ютуб-каналу MozgON Уладзімір Цыгановіч. Напярэдадні такі ж лёс напаткаў і адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка. Сам навінавы канал – трэці паводле папулярнасці ў беларускім тэлеграме – выстаяў. У лідарах жа – блогер NEXTA. Як яму ўдалося застацца на волі?

«Ратуе пакуль што мая фізічная няўразлівасць. Дастаць мяне з іншае краіны, з Польшчы, яны мяне пакуль не могуць. Могуць толькі назіраць за тым, што я раблю і дасылаць мне нейкія пагрозы беспадстаўныя, спрабаваць узламаць акаўнты. Але гэта вырашаецца вельмі проста дадатковымі захадамі бяспекі», – упэўнены Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA.

Не вядома – што інкрымінуюць прэс-сакратару ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандру Кабанаву, пра ўтрыманне якога ў Менску стала вядома праз 10 дзён маўчання міліцыі. Цягам месяца праваабаронцы прызналі палітвязнямі 14 новых асобаў. Супрацьстаяць рэпрэсіям можна толькі настойлівасцю – кажа праваабаронца.

«Калі мы хочам гаварыць пра эфектыўныя механізмы, то яны безумоўна звязаныя з акцыямі салідарнасці, у якіх бярэ ўдзел вялікая колькасць людзей. Такая публічная ацэнка таго што адбываецца, можа пачаць уплываць на тых, хто гэтыя рэпрэсіі ўжывае», – кажа Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельскінскага камітэту.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што з ацэнкамі незалежных праваабаронцаў азнаёмлены, а для ўсіх астатніх сказаў наступнае:

«Памылка многіх, не важна – знешніх ці ўнутраных сіл у тым, што ўсе думаюць, што рэжым слабы. Я кажу гэта і як кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, і як чалавек… Усе згадваюць і 2010 год, калі таксама думалі, што рэжым слабы, і цяпер (мяркуюць, што – заўв. «Белсат») ён яшчэ больш слабы. Завяраю вас, калі ўжо казаць пра рэжым, то рэжым моцны», – кажа Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі.

Ужываннем сілы ў выпадку спробы здзейсніць рэвалюцыю – напярэдадні шантажаваў вылучэнец на кандыдата – Аляксандр Лукашэнка. Пасля тае заявы беларусы яшчэ больш актыўна пачалі выходзіць на вуліцы. Затрымліваюць і штрафуюць шараговых грамадзянаў, не падрыхтаваных да такога сцэнара, і медыйных асобаў.

«Можна параўнаць з падзеямі 2017 года, калі былі маршы «дармаедаў», тады ўпершыню блогеры сталіся фокусам для ціску, для рэпрэсіяў», – узгадвае Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельскінскага камітэту.

У 2017 годзе і пад час мітынгаў супраць інтэграцыі з Расеяй – непрыканцы 2019, дзеяла, а цяпер узрадзілася краўндфандынг-ініцыятыва By_Help. Пасля закрыцця дзяржавай сэрвісу Мола-Мола яна збірае грошы на аплату штрафаў удзельнікам акцыяў. Хуткасць збору рэкордная, адзначае каардынатар збору Аляксей Лявончык:

«З $ 30 тыс (першы этап збору) 5/6 сабралі менш чым цягам 24 гадзінаў».

Новая мэта – $ 50 тыс – можа быць дасягнутая нават да канца дня. Размяркоўваць сродкі будуць перадусім сярод тых, хто ўпершыню сутыкнуўся з палітычным ціскам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»