Моц «Залатога ільва»: у Магілёве праходзіць спартакіяда для людзей з інваліднасцю


У Магілёве ў гонар сямісотпяцідзесяцігоддзя гораду сёння і заўтра праходзіць спартакіяда «Залаты леў» – ужо 14-я з ліку. Удзельнікі – не прафесійныя спартоўцы, а аматары. Агулам сто чалавек спаборнічаюць у 9 відах спорту, у тым ліку такіх нязвыклых, як боччэкорнгоўл і шулбак. І ёсць важная асаблівасць спартакіяды: гэтыя моцныя людзі маюць групы інваліднасці.

«Спаборніцтвы гэта ў першую чаргу стасункі, гэта адрэналін, падтрымка сваёй фізічнай формы, стасункі з сябрамі, пошук новых», – кажа ўдзельніца спартакіяды Галіна Іванова (Магілёў).

«Мы не бачымся цэлы год да спаборніцтва, а калі прыходзіць спаборніцтва, мы бачым, як мы падраслі», – кажа ўдзельнік спартакіяды з Санкт-Пецярбургу Сяргей Гушчын.

Сёлета ўдзельнічаюць спартоўцы-аматары з Беларусі, Украіны ды Расеі. Старыя сябры з Літвы і Малдовы не прыехалі – не хапіла фінансавання. Падвяло і надворʼе, таму частку спаборніцтваў перанеслі са стадыёну ў хол гатэлю «Магілёў», які тут практычна адзіны прыдатны для жыцця такой колькасці людзей з інваліднасцю. Але спорт варты таго, каб змагацца, кажа Зміцер Васільцоў, сталы ўдзельнік «Залатога ільва».

«Спорт дапамагае пераадольваць розныя перашкоды, фізічна. Напрыклад, парожак невысокі дзесьці пераскачыць, нават камусьці дапамагчы можна», – тлумачыць Зміцер Васільцоў.

Жыццё Змітра назаўжды змянілася пасля аўтакатастрофы 12 гадоў таму. Пералом хрыбетніка, 1-я група інваліднасці, але потым – клуб «Інваспорт» і перамогі над сабою. Два гады таму Зміцер на спартовым інвалідным вазку за пяць дзён прабег супермарафон з украінскай Шосткі ў Магілёў – 600 кіламетраў, не кожны здаровы агорае. І абавязкова – дапамога сябрам з інваліднасцю.

«У мяне ёсць пара выпадкаў, калі прыходзілі людзі, што 10-15 гадоў сядзелі дома, нікуды не выходзілі. Сваім прыкладам паказваў, спрабаваў патлумачыць, дапамагаў выйсці на вуліцу, зрабіць першыя крокі», – кажа Зміцер Васільцоў.

Зрабіць свае гарады больш даступнымі для інвалідаў – агульная мэта ўдзельнікаў «Залатога ільва». Але ў Магілёве, на жаль, нават новыя пандусы ў пераходах атрымаліся дарагія, але непрыдатныя для вазочнікаў. Таму ўдзельнікам спартакіяды давялося ехаць па дарозе.

«Для каго створаная дзяржаўная праграма па безбарʼернаму асяроддзю? Для мам з вазочкамі ці інвалідаў? Пад гэта вылучаюцца аграмадныя грошы, і вы іх асвойваеце контрпрадуктыўна», – кажа арганізатар «Залатога ільва» Алег Юркоў.

Што трэба людзям з інваліднасцю? Не шкадаванне, а магчымасць годна жыць, працаваць, вандраваць і сустракацца з сябрамі. І працы ў гэтым кірунку ў Беларусі яшчэ вельмі багата.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»