Аб'ектыў 15.04.2018 «Моладзь БНФ» зладзіла ў Віцебску першую сустрэчу моўнага клубу


Пазбавіцца няўпэўненасці, згуртаваць людзей. У Віцебску адбылася першая сустрэча моўнага клубу – цалкам нефармальнай пляцоўкі для ўдасканалення ведаў у беларускай мове. Ініцыятар спатканняў – «Моладзь БНФ».

«Сядзелі, свае думкі выказвалі. Усё гэта па-беларуску, але хутчэй на трасянцы – шмат маладых людзей прыходзяць і толькі-толькі знаёмяцца з беларускаю моваю. І ў гэтым уся фішка, каб людзі пераадольвалі гэты страх. І вось праз музыку, фільмы, кнігі, проста размовы з людзьмі яны маглі размаўляць па-беларуску ў жыцці», – распавядае намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Фільм, які супольна глядзелі на віцебскай сустрэчы, быў прысвечаны Палуце Бадуновай – сябру Рады БНР, беларускай патрыётцы, расстралянай НКВД.
Гісторыя, якая прымушае задумацца над прычынамі татальнай русіфікацыі ў Беларусі.

«Калі пачалося татальнае не знішчэнне, але замоўчванне гэтае мовы, пераход на трасянку, я лічу, што ў той момант мы пачалі губляць частку таго, за што змагаліся нашыя продкі», – кажа наведнік клубу, студэнт ветакадэміі Іларыён Купрыянаў.

Адмысловым госцем сустрэчы стаўся паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Ён прачытаў свае творы ды пахваліў высілкі ў адраджэнні выкарыстання роднае мовы.

«У нас уся вёска, усё наваколле, гэта Менская цяпер вобласць, Вялейскі раён, хаця гэта была Заходняя Беларусь, але ні па-расейску, ні па-польску ніхто не размаўляў. Гаварылі толькі па-беларуску ўсе, а калі цяпер усе па-расейску, то гэта трэба вялікія намаганні», – адзначае паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч.

«Спадзяюся, гэта будзе не разавая ініцыятыва, што яна пратрывае не адзін-два, а можа некалькі гадоў», – кажа сябра Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

Бліжэйшым часам «Моладзь БНФ» рыхтуе такія сустрэчы ў Гомлі, Баранавічах, Берасці, Горадні і Барысаве. Актывісты заклікаюць сачыць за абвесткамі на іхнай інтэрнэт-старонцы ды прыходзіць усіх зацікаўленых і не саромецца свайго ўзроўню ведання мовы. Бо кожны крок бывае некалі ўпершыню.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары