Два дні дыскусіяў на Варшаўскім форуме па бяспецы з удзелам тысяч экспертаў і больш як 120 палітыкаў, дыпламатаў і вайскоўцаў – у тым ліку і з Беларусі. Што найбольш пагражае міру ў нашым рэгіёне?
Да чаго прывядзе спаборніцтва ЗША і Кітаю? Як супрацьдзеяць расейскім хакерам і дэзынфармацыі? У якім кірунку будуць развівацца беспілотныя баявыя сістэмы? Больш за 40 тэмаў на сёлетнім Варшаўскім форуме бяспекі абмеркавалі 1200 гасцей з усяго свету. Што яны лічаць найважнейшымі пагрозамі міру?
Радослаў Сікорскі, былы міністр замежных справаў Польшчы:
«Расейская дактрына, якая дазваляе Маскве першай выкарыстаць ядравую зброю ў канфлікце з NATO. Цяпер мы ў вельмі небяспечным этапе дачыненняў з Іранам. Іран правакуе, і я спадзяюся, ЗША не паддадуцца на правакацыю. Яшчэ адна пагроза – гандлёвыя войны, якія могуць падарваць сусветную эканоміку».
Упершыню на форум запрасілі прадстаўнічую беларускую дэлегацыю – намесніка міністра замежных справаў Алега Краўчанку, а таксама 10 беларускіх журналістаў і экспертаў у галіне бяспекі.
Арсеній Сівіцкі, Цэнтр замежнапалітычных і стратэгічных даследаванняў:
«Удзел у такім форуме дае ўяўленне пра тое, як нашыя польскі калегі ацэньваюць рэгіянальную сітуацыю з бяспекай, якія пагрозы яны бачаць з боку сваіх суседзяў, так ці інакш звязаных з Расеяй».
Збігнеў Пісарскі, Фонд імя Казімежа Пуласкага, Варшава:
«Ізаляцыя Беларусі не прынесла вынікаў. А цяпер склалася такая сітуацыя, што існаванне беларускай дзяржавы пад пагрозай з-за паводзінаў Расейскай Федэрацыі».
Удзельнікі форуму не пакінулі без увагі і апошніх зменаў у замежнай палітыцы Беларусі. На фоне цяжкіх перамоваў з Масквой Менск пачаў паляпшаць дачыненні з ЗША.
Дэйвід Крэймэр, экс-дарадца дзяржсакратара ЗША:
«Я сапраўды хацеў бы, каб нашыя стасункі з Беларуссю палепшыліся. Аднак Лукашэнка, на мой погляд, папросту працягвае граць на супярэчнасцях паміж Расеяй і Захадам. Вяртанне амбасадараў у Менск і Вашынгтон зменіць няшмат, гэта было адносна лёгка зрабіць».
Якія высновы з форуму зрабілі беларускія эксперты? Арсеній Сівіцкі, Цэнтр замежнапалітычных і стратэгічных даследаванняў:
«Агульны трэнд на эскалацыю і непрадказальнасць працягнецца. І гэта звязана з тым, што ўскладняецца сам свет, міжнародныя працэсы становяцца больш нестабільнымі».
І Беларусі трэба вучыцца жыць у свеце, дзе ўчорашнія сябры могуць стаць супернікамі, а супернікі – сябрамі, падсумоўвае эксперт.
Аляксандр Папко belsat.eu