Мінула 3 дні судовых рэпрэсіяў. Агульны вынік – амаль 4 000 содняў арышту і 90 000 рублёў штрафаў


Сёння з‘явіўся спіс людзей, якіх трымаюць у жодзінскім ізалятары. У ім – больш за 500 прозвішчаў.

Тут актор Аляксандр Ждановіч, якога арыштавалі на 9 содняў. Дзесяціборац, срэбны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка, баксёр Іван Ганін і лацініст Алесь Жлутка атрымалі па 10 содняў. 12 дзён за кратамі правядзе палітолаг Андрэй Ягораў. Сёння таксама 12-дзённым арыштам пакаралі Вольгу Хіжынкову – міс Беларусь – 2008.

«Яна такі чалавек… Яна яшчэ скажа: «Ведаеце, я нават, напэўна, рада, што ўсё гэта перажыла, усё гэта пабачыла, таму што я зразумела, што адчувалі іншыя людзі»», – лічыць сяброўка Вольгі Хіжынковай Вольга Антропава.

Сёння судзілі і вазочніка, якога таксама затрымалі падчас нядзельнага маршу пратэсту. Суддзя аштрафавала мужчыну больш як на 400 рублёў.

«Яна мне паказвала фотаздымак – я папросту стаю сярод людзей, у якіх сімволіка, але я магу праязджаць. Гэтае месца знаходзіцца там, дзе ў мяне спартзала, дзе я выкладаю кросфіт для людзей з інваліднасцю. Па нядзелях працягваю хадзіць гуляць. Актыўна хадзіць гуляць, як кажуць, па поўнай», – распавядае Віктар Захар’еў.

Чатыры гадзіны ў чаканні суда правяла пенсіянерка Таццяна Зялко, але той так і не адбыўся. Позву жанчына атрымала ў Фрунзенскім РУУСе, з-за гэтага ўпершыню не паспела на Марш пенсіянераў у панядзелак. Сёння паведамілі, што суда не будзе, і Таццяна атрымае новую позву.

«Калі раней пенсія маленькая ці яшчэ нешта, то ўжо эканамічныя пытанні не гучаць. Людзі хочуць змяніць хоць штосьці ў гэтым жыцці. Мы не пажылі – хай нашыя дзеці, унукі пажывуць», – падзялілася кіраўніца «Наше поколение» Таццяна Зялко.

Сёння нашых калегаў, фрылансераў Яўгена Шапчыца і Арцёма Ляву, пакаралі пятнаццацідзённым арыштам. Журналістаў затрымалі падчас нядзельнага маршу.

«Характар працы журналістаў кардынальна змяніўся ў верасні, кастрычніку, калі стала зразумела, што ніякія камізэлькі, ніякія бэйджы, ніякія дакументы не выратоўваюць. Умовы істотна пагаршаюцца. Калі спачатку журналістаў затрымлівалі – вызвалялі, цяпер журналістаў затрымліваюць не толькі на акцыях, а ходзяць па дамах і складаюць пратаколы», – распавядае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Гэтак, учора забралі з дому і завезлі на Акрэсціна Алега Груздзіловіча нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка, хоць журналіст меў рэдакцыйнае заданне.

За тры дні масавых судовых рэпрэсіяў разгледзелі амаль 500 справаў. На час падрыхтоўкі матэрыялу вядома, што з панядзелка 265 чалавек пакаралі агулам 3716 соднямі. А 193 чалавекі атрымалі штрафы агулам на 90 208 рублёў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»