Міністр замежных справаў Турцыі: краіна надалей гатовая ваяваць з курдамі


Аперацыя не скончаная. Міністр замежных справаў Турцыі заявіў, што ягоная краіна, як і раней, гатовая ваяваць з курдамі. Сёння на поўначы Сірыі быў афіцыйна прыпынены наступ турэцкае арміі, а расейская вайсковая паліцыя пачала ўваходзіць у памежныя з Турцыяй раёны.

Вялікая дыпламатычная перамога Анкары – гэтак міністр замежных справаў назваў дамоўленасці з Масквою і Вашынгтонам. Пры гэтым Мэўлют Чавушаглу падкрэсліў: Турцыя не збіраецца адмаўляцца ад ваенных дзеянняў у Сірыі.

«Калі баевікі не пакінуць рэгіёну, то Турцыя зможа зрабіць адпаведныя крокі» – кажа ён.

У аўторак прэзідэнты Расеі і Турцыі Пуцін і Эрдаган дамовіліся, што курдскія фармаванні пакінуць памежную зону на поўначы Сірыі. На іх месца накіруецца расейская вайсковая паліцыя і сірыйскія жаўнеры. Патруляваць ужо акупаваную зону будуць турэцкія вайскоўцы. Яны заявілі, што ў выпадку захавання дамоўленасці не будуць працягваць аперацыі.

«Няма неабходнасці пачынаць новую аперацыю за межамі раёну дзеянняў турэцкіх сілаў», – казала прадстаўніца міністэрства абароны Турцыі Надыдэ Шэбнэм.

У сярэдзіне кастрычніка аб спыненні наступу турэцкіх сілаў ужо дамаўляліся Анкара і Вашынгтон, аднак Турцыя заявіла, што курды пакінулі свае пазіцыі, як гэтага патрабавалі пагадненні. У Маскве зразумелі насцярожанасць курдаў. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў казаў:

«ЗША былі апошнія некалькі гадоў найбліжэйшымі хаўруснікамі курдаў. Урэшце Штаты пакінулі курдаў і фактычна здрадзілі ім».

На Захадзе пакуль не спяшаюцца казаць аб трывалым міры, але вітаюць спыненне агню.

«Мяркую, што пакуль яшчэ вельмі рана судзіць аб наступствах дамовы паміж прэзідэнтам Эрдаганам і прэзідэнтам Пуціным», – казаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Сапраўды, у дамовах між Пуціным і Эрдаганам застаецца галоўны курдскі знак пытальніка. Пакуль намеснік кіраўніка дыпламатычных ведамстваў Расеі Міхаіл Багданаў выказаў спадзеў на вывад курдскіх сілаў з памежных з Турцыяй рэгіёнаў Сірыі. А Дзмітрый Пяскоў проста прыгразіў, што курдаў чакае каток турэцкай арміі ў выпадку нязгоды з Масквою.

Ян Маравіцкі belsat.eu