Міністр Шуневіч – абаронца маралі з турэмным жаргонам

Паліцыі нораваў у нашай краіне хіба няма, затое ёсць міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Чыноўнік абвесціў сваё ведамства абаронцам маральнасці ўсёй Беларусі. Чарговыя скандальныя заявы ад галоўнага міліцыянта краіны.

Сеціва ўскалыхнула інтэрв’ю Шуневіча для АНТ. Міністр спачатку абвесціў сябе абаронцам маралі, а пасля загаварыў на турэмным жаргоне, ужыўшы слова «дзіравыя». Гэтак Шунеіч акрэсліў людзей, якія, маўляў, імкнуцца атрымаць лайкі ў інтэрнэце і фінансавую дапамогу з Захаду. Ніякіх канкрэтных прыкладаў і імёнаў, вядома ж, не прывёў. Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог»:

«За гэтым стаіць нішто іншае, як праблемы ўнутры самога ведамства. Іх багата. Настолькі багата, што я б перайменаваў Міністэрства ўнутраных спраў у Міністэрства скандалаў і праблемаў».

Ігар Шуневіч ужо не аднойчы выказваўся аб праблемах маралі – атакаваў ЛГБТ, разважаў пра ролі ў сям’і ды называў пагрозаю ўсё той жа маральнасці дэкрыміналізацыю марыхуаны.

«Калі міліцыянты хлусяць нават з прымусу міністра, калі яны збіваюць людзей, то гэта мараль. І пра гэта трэба дбаць. А тое, што кажа міністр – гэта можна назваць фарысействам. Калі чалавек замест таго, каб выконваць маральныя прынцыпы, разважае пра іх», – кажа Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг.

Ці падтрымліваюць беларусы ўмяшанне міліцыі ў справы маральныя?

«Міліцыя – гэта сілавое ведамства. А тое, што датычыць пытанняў маралі, – гэта ўжо трошкі іншае, не іх кампетэнцыя».

«Ні ў якім разе! Гэта асабістая справа кожнага!»

«Хай пачытаюць Біблію! І ўсё будзе зразумела, што маральна, а што амаральна».

«Кожны чалавек сам мусіць выбіраць, што для яго нармальна, і якіх маральных прынцыпаў ён мусіць прытрымлівацца».

Наўрад ці Міністэрства ўнутраных справаў – тая структура, якой варта рабіць радыкальныя выказванні. Шуневіч грае ролю гэтак званага дрэннага паліцыянта. Тым часам кіраўнік краіны дэманструе як для айчыннай грамадскасці, гэтак і для замежных актараў міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ў вышыванцы – у супрацьвагу Ігару Шуневічу ў форме НКВД.

«Аўтаномія ёсць. Але, тым не менш, канечне, ёсць той дзядзька, які сядзіць на алімпе і які наглядае. І калі яго міністры дазваляюць сабе такія заявы, то значыць, гэта санкцыянавана Аляксандрам Лукашэнкам», – гаворыць Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог».

І як верыць ці паважаць такіх сілавікоў? Паводле інфармацыі, агучанай Шуневічам, толькі крыху больш за палову беларусаў давяраюць праваахоўнікам. Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг:

«Суддзёй у маральных пытаннях выступаюць людзі на высокіх пасадах, а не святары, не лідары грамадскай думкі, інтэлектуалы ці нехта яшчэ. У нас шмат што перакручана ў нашай свядомасці, у нашых сацыяльных стасунках, у нашай дзяржаве».

Аднак ці справядлівыя нашыя закіды да галоўнага міліцыянта, калі нават ягонае непасрэднае кіраўніцтва асноўным парадкам дня бачыць бітвы за ўраджай і правядзенне «Дажынак»?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама