Міністэрства эканомікі збіраецца змяншаць колькасць бедных раёнаў краіны


Рэіндустрыялізацыя. Менавіта ў ёй улада бачыць ключ да ўратавання эканамічна адсталых рэгіёнаў. Якія прадпрыемствы можна стварыць у беларускай правінцыі? Ды што перашкаджае прыходу інвестараў у глыбінку? Адказу на гэтыя пытанні шукаў Аляксандр Папко.

Да наступнага года зменшыць колькасць бедных раёнаў на траціну – такія амбітныя мэты пераследуе агучаны Міністэрствам эканомікі план індустрыялізацыі адсталых рэгіёнаў.

Як іх развіваць? Гэтую тэму кіраўніцтва дзяржавы абмяркоўвае ўсё часцей. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Перш за ўсё неабходна развіваць эканоміку рэгіёнаў. Эканоміка ўвогуле ўся там – у рэгіёнах. Трэба ствараць там працоўныя месцы, і самае галоўнае – працоўныя месцы з годным узроўнем заработнай платы».

Згодна з нядаўна прынятаю пастановай ураду, адсталымі лічацца раёны, залежныя ад датацыяў з цэнтру, з нізкімі заробкамі ды невялікаю колькасцю насельніцтва. Ратаваць іх будуць, ствараючы новыя прадпрыемствы і мадэрнізуючы старыя.

«Мы бачым, што нічога не змяняецца ў дачыненні да бізнесу, у тым ліку і аграбізнесу. На паперы, можа, і напішуць, што засталося 20 рэгіёнаў з 31, але я стаўлю пад вялікі сумнеў, што гэтая задача вырашальная», – распавядае Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

У вёсцы варта перапрацоўваць сельскагаспадарчую прадукцыю ды развіваць паслугі – лічыць эканаміст Зміцер Бабіцкі. Але ў шмат якіх раёнах для гэтага ўжо проста не хапае людзей.

«Да 80 адсоткаў людзей, якія будуць працаваць на новых вытворчасцях, не будуць жыхарамі гэтых раёнаў. Гэта горкая праўда, з якой трэба неяк жыць», – гаворыць старэйшы даследнік «CASE BELARUS» Зміцер Бабіцкі.

Улады спадзяюцца, што ў беларускую правінцыю прыедзе прыватны інвестар, і нават інвестар замежны. Аляксандр Лукашэнка:

«Усе рэгіёны падпісалі пагадненні з кітайскімі правінцыямі і гарадамі. Шмат хто з кіраўнікоў неаднаразова бывалі ў гэтай краіне. Дзе праекты і інвестыцыі?»

Іх не будзе, пакуль не будзе прыватнай уласнасці на зямлю, незалежнага суда, роўных умоваў для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў і мясцовага самакіравання, адказваюць апытаныя намі эксперты.

«Каб мы выбіралі і старшыняў райвыканкамаў, і старшыняў раённых саветаў, і каб старшыні райсаветаў неслі большую адказнасць, чым выканаўчая ўлада. Трэба, каб дзякуючы іх ініцыятыве і адказнасці перад мясцовым насельніцтвам, перад людзьмі, ажыццяўляўся любы інвестыцыйны план», – тлумачыць эканаміст Пётр Мігурскі.

Пакуль што дзяржава павышае эфектыўнасць аграсектару праверкамі. У межах адмысловага маніторынгу Камітэт дзяржкантролю спраўдзіў больш за 500 гаспадарак, распачаў 7 крымінальных справаў.

«Усе гэтыя запалохванні, усе гэтыя крымінальныя справы, яны проста забіваюць ініцыятыву. Няма ініцыятывы – няма руху наперад. Так што гэтыя захады спрацоўваюць з эфектам наадварот», – кажа Пётр Мігурскі.

Пакуль прыкметаў таго, што ўрад змяняе сваё стаўленне да прыватнай уласнасці, эксперты не назіраюць. А моладзь з рэгіёнаў працягвае з’язджаць у сталіцу ці за мяжу. Паводле Белстату, за 20 гадоў вясковае насельніцтва скарацілася роўна на траціну – на мільён чалавек.

Аляксандр Папко, belsat.eu