Міліцыянтаў засакрэцяць у судах


Міністр унутраных справаў скардзіцца на ціск і цяжкую працу сваіх падначаленых, таму Юрый Караеў хоча тэрмінова ўзаконіць практыку ананімнасці міліцыянтаў, перадусім у судзе. І гаворка пра адміністратыўныя працэсы. Чым гэта небяспечна?

Міліцыянт можа сведчыць на адміністратыўным судзе ў масцы, пад прыдуманым прозвішчам ці ўвогуле ў суд не хадзіць, а даць паказанні на відэа з сакрэтнага месца. Такую практыку хоча ўзаконіць Юрый Караеў. Міністр унутраных справаў накіраваў у пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў зварот з просьбай тэрмінова змяніць Адміністратыўны кодэкс.

«Прапаноўваецца засакрэчваць гэтыя звесткі, пісаць прыдуманае прозвішча, а таксама ўзор подпісу пад дакументамі, і ўвогуле не разгалошваць звесткі ні пад час вынясення пастановы, ні агулам. Апроч таго, суддзяў пужаюць артыкулам №408 за разгалошванне звестак», – тлумачыць сузаснавальнік некамерцыйнай грамадскай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Сяргей Усцінаў.

Караеў кажа, што на судах у справе незаконных масавых мерапрыемстваў на міліцыю ціснуць дэструктыўныя сілы і сродкі масавай інфармацыі. Вось што думаюць жыхары і госці Берасця:

«Абрыдлівая навіна, чуў пра яе, чытаў. Не разумею. Усе суды, якія цяпер праходзяць, выглядаюць смешна. За ананімнасцю можна хаваць, што заўгодна».

«Вядомыя выпадкі, калі сведчаць па скайпу, усе называюцца лейтэнантам Краўцовым, і ўсе ў балаклавах».

«Калі б яны не парушалі закон, ім бы такая ананімнасць не была патрэбная. Значыць, ёсць чаго баяцца».

Калі сакрэтныя адміністратыўныя суды ўзаконяць, будзе больш магчымасцяў для судовых памылак і

злоўжыванняў, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Гэта проста спроба сілавых структур атрымаць больш гарантыяў для сваіх дзеянняў і спрасціць дзеянні. Не думаць пра такія дробязі, як правасуддзе, правы людзей, якіх прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці».

Караеву не давялося б абараняць сваіх падначаленых, калі б яны дзейнічалі паводле закону, кажа праваабаронца Сяргей Усцінаў:

«Працаўнікі міліцыі апранаюць маскі, балаклавы і займаюцца супрацьпраўнымі дзеяннямі. Выкрадаюць людзей, збіваюць, не прадстаўляюцца».

Пра катаванні, збіццё і нават згвалтаванні ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў кажуць і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. «Human Rights Watch» звярнулася ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і АБСЕ з патрабаваннем тэрміновага расследавання ў справе Беларусі.

У Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў сабралі больш за паўтысячы сведчанняў пацярпелых беларусаў. Усё гэта – спланаваныя і свядомыя дзеянні ўладаў, кажа Геральд Штабэрок, генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў:

«У Міжнародным праве мы называем тое, што тут бачым, злачынствам супраць чалавечнасці. І гэта патрабуе міжнароднай увагі. Дзяржава ў Беларусі на сёння цалкам адмаўляе, што нешта такое здарылася. Яны змяняюць тактыку, але працягваюць адмаўляць. Няма расследаванняў гэтых ці іншых выпадкаў, ахвяры трапляюць пад рэпрэсіі за нібыта ўдзел у нелегальных дэманстрацыях, з жорсткім пакараннем».

Сёння першы намеснік Караева, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч заявіў, што згвалтаванні жанчын і мужчынаў міліцэйскімі дубінкамі – гэта фэйк, бо, маўляў, згвалтаваць чалавека ў аўтазаку – немагчыма, а ў Следчым камітэце няма заяваў ад пацярпелых дэманстрантаў. Як няма на сёння і ніводнай крымінальнай справы нават аб фактах смерці ўдзельнікаў пратэстаў.

«Выбары правялі, вынікі атрымалі, на гэтым кропка. Хопіць бударажыць грамадства, наступныя прэзідэнцкія выбары па Канстытуцыі… Час барыкадаў і мітынгаў скончыўся. Цяпер наш час», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка. Да яго ў палац прыйшло «трыста лукашыстаў» – палітычны актыў ад Лідзіі Ярмошынай да Валерыя Вакульчыка і сына Віктара Лукашэнкі.

Насамрэч не, цяпер час глыбокага палітычнага крызісу, кажа Андрэй Казакевіч:

«Ён сапраўды практычна разбурыў тую палітычную мадэль, якая існавала ў нас апошнія 20 гадоў. З 2001-га года, калі адбылася кансалідацыя аўтарытарнага рэжыму».

Наперадзе – перыяд палітычнай нестабільнасці, а потым – істотнай палітычнай рэформы, кажа адмысловец. Ці будзе рэформа вынікам дзеянняў чыноўнікаў, шырокага грамадскага дыялогу ці прыходу да ўлады новых сілаў, залежыць ад кожнага з удзельнікаў грамадскага жыцця.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»