Міліцыя брутальна затрымала гарадзенскіх актывістаў


«Далоў самаўладства» – ці не галоўны лозунг Кастрычніцкай рэвалюцыі, у нашай краіне, прамаўляць небяспечна. Нават у нібыта святочны ўчорашні дзень. Прынамсі гарадзенскіх актывістаў за яго брутальна затрымалі і адправілі ў РАУС, пасля ў ізалятар, адтуль жа адзін з іх з гіпертанічным крызам трапіў у шпіталь.

Калі свята, то чаму не святкаваць?

«Мы ўзялі асноўны лозунг, які быў у 17-м годзе, і прадублявалі яго. Мы нічога супрацьзаконнага не робім».

Апазіцыйныя актывісты Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшлі з галоўным ленінскім лозунгам кастрычніка.

«Вырашылі прайсці ды нагадаць гісторыю».

«Мы яшчэ памятаем».

Але на вуліцы Савецкай іх затрымалі дбайныя міліцыянты.

– На падставе чаго мы затрыманыя?

– Несанкцыянаваны мітынг.

– Гэта не мітынг, гэта свята. Вы што, супраць свята, супраць Лукашэнкі? Вы што, не паважаеце прэзідэнта нашага?

Выпадковыя мінакі ў спрэчцы з міліцыянтамі падтрымалі актывістаў.

«Дазволена нават каб 3 чалавекі ў кампаніі было, а тут нават 2. Калі больш за тры, то іншая справа, а тут 2 чалавекі – вялікая розніца».

«Па-першае, мы ж гэтым і плацім з нашага гаманца, нашыя падаткі, якія затрымліваюць».

«Не перашкаджайце ім ісці!»

Але нішто не спыніла міліцыянтаў.

«Я не пайду!»

Актывістаў адвезлі ў пастарунак, адтуль Мікалай Салянік трапіў у шпіталь, а Аляксандр Лаўрэнцьеў – у ізалятар.

«Навошта ў ізалятар? Якую ён прадстаўляе небяспеку для грамадства? Плакат быў з жалеза? Ён махаўся ім?»

У выніку суд прысудзіў Аляксандру Лаўрэнцьеву 30 базавых велічыняў штрафу.

Усевалад Шлыкаў, Вольга Старасціна, belsat.eu