Міліцыя баіцца антыдармаедаўскіх пратэстаў


Суды, выклікі ў міліцыю затрыманні – усё для таго, каб перашкодзіць беларусам ва ўдзеле ў маршы нязгоды ў Менску. У той жа час сотні незадаволеных адрасатаў «лістоў шчасця» прыйшлі ў выканкамы краіны на сустрэчу з чыноўнікамі Лукашэнкі. Усюды гучалі тыя ж патрабаванні: адмяніць нялюдскі закон.

Міліцыя не пускала сёння грамадскіх актывістаў у Менск на Марш абураных беларусаў

Адным з тых, каму намагаліся перашкодзіць у выездзе, быў грамадскі актывіст з Берасця Аляксандр Кабанаў. У панядзелак «Белсат» асвятляў ягоны збор подпісаў у Пружанах супраць «дэкрэту аб дармаедах».

Актывіст атрымаў позву зʼявіцца ў мясцовую міліцыю акурат у той час, калі ў Менску будзе пачынацца марш нязгоды. У размове нашым тэлеканалам Аляксандр Кабанаў паведаміў:

«Калі ўчора а 16-й мне ўручалі позву, я сказаў: навошта мне заўтра прыходзіць, калі я магу цяпер з вамі пагутарыць, або прыйсці раніцою, або ў суботу ці панядзелак. Мне адмовілі. Яны сказалі прыйсці сёння ў 17 гадзіне. Я паказаў ім білеты ды сказаў, што гэта для мяне праблема. Але мне адмовілі».

Аляксандр Кабанаў ісці ў міліцыю адмовіўся

У падобную сітуацыю трапілі сёння бацька і сын Чарнавус з Баранавічаў. Актывістаў сёння выклікалі ў суд у справе правядзення несанкцыянаванай акцыі. Падставаю зрабіўся нядаўні збор подпісаў каля падатковай інспекцыі за адмену дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве». Хутка высветлілася, што судовае разбіральніцтва перанеслі на пазнейшы час. Пасля – на іншы дзень. Зрэшты, Чарнавусы на сёння атрымалі яшчэ адну позву. Як мяркуюць актывісты – за ўчорашні пікет-запрашэнне Лукашэнкі на Марш абураных беларусаў.

«Яны баяцца, што мы паедзем у Менск, завязём прэзідэнту каравай, а ён нас не чакае», – жартуе Мікола Чарнавус-малодшы.

Такіх сітуацыяў сёння было шмат

З Полацку не выпусцілі аўтамабіль з людзьмі, якія ехалі ў Менск на марш. А ў выканкамах сёння зноў былі чэргі гэтак званых дармаедаў на сустрэчы з чыноўнікамі Адміністрацыі кіраўніка краіны. У Бабруйску прымаў намеснік старшыні органу Мікалай Снапкоў. Некалькі дзясяткаў чалавек не хавалі абурэння.

Чыноўніку перадалі чатыры тысячы подпісаў за адмену падатку на ўтрыманства. Збор, арганізаваны Незалежным прафсаюзам Радыёэлектроннай прамысловасці, працягваецца.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў цягам апошняга месяца сабралі прыблізна 75 000 подпісаў. Незадаволенасць новымі спагнаннямі, якія прадугледжвае дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве, расце.

Ян Бабіцкі, «Белсат»