Міфы і стэрэатыпы, звязаныя з ракам


Імклівы рост анкалагічных захворванняў прадказала Сусветная арганізацыя здароўя: на 60 % цягам бліжэйшых 20 гадоў. Ужо цяпер кожная шостая смерць у свеце звязаная з анкалогіяй. У Беларусі на рак хварэюць больш за 300 тысячаў чалавек.

У мінулым годзе ў Беларусі ад раку памерлі 17 тысячаў чалавек. Анкалагічныя хваробы – другая паводле частаты прычына смяротнасці беларусаў. Часцей за ўсё мужчыны паміраюць ад раку лёгкага, раку тоўстай кішкі і раку страўніка. У жанчын на першым месцы рак грудзей. Потым, як і ў мужчынаў, – рак тоўстай кішкі і рак страўніка.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Трэцюю стадыю раку грудзей Марына Пархімчык перажыла 6 гадоў таму:

«У анкацэнтры кажуць: «Рак, злы рак». Што са мной у той момант было… Гэта цяжка перадаць словамі, бо стала цяжка дыхаць».

За час лячэння Марына перанесла складаную аперацыю і некалькі спробаў хіміятэрапіі. Цяпер яна ў рэмісіі, але за здароўем сочыць рэгулярна, а да прыходу хваробы ў сваё жыццё ставіцца па-філасофску.

«Рак – гэта прыпынак, каб падумаць пра сябе, пра жыццё, каб нешта памяняць у жыцці. І самае галоўнае – у галаве. І не думаць ні ў якім разе, колькі ж мне засталося. Колькі засталося, столькі засталося. Прасіце – і будзе вам», – кажа Марына.

Не думаць пра рак не заўсёды ўдаецца нават здаровым людзям. Страх захварэць на анкалогію мае ўласную назву – канцэрафобія. Падлічыць тых, хто пакутуе на такую фобію, немагчыма, аднак адмыслоўцы запэўніваюць: з’ява распаўсюджаная і ўсё часцей людзі звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу.

«Прыходзяць людзі з канцэрафобіяй, якія баяцца захварэць і не могуць з гэтым справіцца. Я не ведаю, павялічылася колькасць такіх людзей ці не, але прасіць аб дапамозе ва ўсякім разе сталі больш. Больш за тое, маладыя людзі сваіх бацькоў – 60-70 гадоў – могуць прывесці і разам абмяркоўваць нейкія пытанні», – распавядае анкапсіхолаг Іна Малаш.

За апошняе дзесяцігоддзе колькасць хворых на рак у Беларусі вырасла на 15 %. Аднак смяротнасць ад яго знізілася на 1,8 %. Практычна кожная беларуская сямʼя сутыкнулася з ракам і са стэрэатыпамі, звязанымі з ім.

«Давайце возьмем два міфы. Першы – што рак перадаецца паветрана-кропельным шляхам, і другі – рак ад таго, што я ў стрэсе ці я крыўдую. Міфы заўсёды ўстойлівыя, бо мы думаем, што можам нешта кантраляваць», – кажа анкапсіхолаг Іна Малаш.

У Сусветны дзень барацьбы з ракам Сусветная арганізацыя здароўя традыцыйна намагаецца прыцягнуць увагу да прафілактыкі і лячэння хваробы. Статыстка арганізацыі натхняе: амаль траціну выпадкаў анкалагічных хваробаў можна перадухіліць. Як? Расказвае анколаг Ігар Звераў:

«Выкананне элементарных правілаў: гэта здаровае харчаванне, актыўны лад жыцця, заняткі спортам, больш рухомы лад жыцця, рэгулярнае наведанне спартзалы, адпачынак на курорце хоць бы адзін раз на год – усё гэта нейкім чынам можа прафілактаваць захворванне. Але ўсё ж такі самая галоўная прафілактыка – гэта планавыя агляды і штогадовыя абследаванні».

А яшчэ, паводле Марыны Пархімчык, трэба не адчайвацца і змагацца за сябе.

Алена Дубовік belsat.eu