Менску патрэбны не новыя насаджэнні, а догляд за існуючымі


Рабочая група для добраўпарадкавання і ўтрымання гарадскіх тэрыторыяў пры Менскім гарвыканкаме ўзялася за праблему азелянення гораду. Цяпер замест дубчыкаў збіраюцца саджаць дрэвы вышынёю 3,5 да 4 метраў. Рашэнне хочуць зацвердзіць на заканадаўчым узроўні.

Такі крок можа сведчыць, што чыноўнікі пачулі гарадскіх актывістаў. Аднак ня ўсе ўхваляюць падобную пастанову. Актывіст кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун мяркуе, што перадусім трэба звярнуць увагу на стан існых зялёных насаджэнняў.

«Асноўная праблема заключаецца ў тым, што ў нас адсутнічае баланс азелянёных тэрыторыяў. Ніхто не ведае колькасці абʼектаў расліннага свету ў тых ці іншых парках, скверах ці азелянёных тэрыторыях. У прыватнасці невядомы іх відавы склад, вельмі дрэнна вядомая іх біяметрыя і тым больш невядомы стан гэтых дрэваў», – кажа актывіст кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун.

Апошнімі гадамі выпадкі падзення старых дрэваў у дварах і парках пачасціліся. Адмыслоўцы з Лабараторыі прадуктыўнасці і ўстойлівасці раслінных супольнасцяў сцвярджаюць, што для гэтага існуюць як абʼектыўныя прычыны праз натуральнае старэнне насаджэнняў, так і субʼектыўныя.

«Мы вельмі мала ўвагі надаем таму, як мы пракладаем дарогі, як мы арганізуем сцежкі, як мы ставім плот. Любое пашкоджанне ствала адкрывае доступ для разнастайных патагенных арганізмаў. У асноўным падаюць тыя дрэвы, што маюць шырокую ствалавую гніль ці пашкоджанне каранёў», – тлумачыць загадчык Лабараторыі прадуктыўнасці і ўстойлівасці раслінных супольнасцяў Максім Ярмохін.

Штогод у сталіцы высаджваюцца дзясяткі тысяч дрэваў і кустоў. Пэўную іх колькасць садзяць уздоўж Менскай кальцавой дарогі. Паводле звестак «Менскзялёнбуду», з пасадак прыжываюцца прыблізна 95 адсоткаў дрэваў і амаль 97 адсоткаў кустоў.

«Не дрэвы мы хочам мець. Мы хочам мець камфортныя паркі, камфортныя скверы, добрыя, не змрочныя, цяжкія, дзе няма месца, каб прысесці на зямлі, дзе ўсе дрэвы хворыя, здаровыя, не могуць выжыць», – зазначае актывіст кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун.

Актывіст упэўнены: пакуль сродкі, што ўкладаюцца ў добраўпарадкаванне гораду, у тым ліку яго азеляненне, – грошы патрачаныя дарэмна. Аднак пакуль падыход да азелянення сталіцы не змяняецца. Толькі з пачатку гэтага года высаджаныя пяць з паловаю тысяч дрэваў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»