Менская вобласць – найлепшы рэгіён Беларусі для вядзення малога бізнесу


Грамадскае аб’яднанне «Перспектыва» прэзентавала вынікі ўжо 9-га даследавання прадпрымальніцкага дабрабыту. Удзельнічалі гарады і раёны з колькасцю насельніцтва 50 тысячаў і болей.

Швейная майстэрня, аўтасэрвіс, аб’екты раздробнага гандлю – малы бізнес дазваляе мець да сотні працаўнікоў і спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

«Лагойскі раён – найбольш спрыяльны для бізнесу рэгіён, быў прызнаны летась», – кажа жыхарка Лагойску.

Лагойск – адзін з гарадоў Менскай вобласці, дзе летась умовы для бізнесу былі найбольш спрыяльныя, паводле даследавання грамадскага аб’яднання «Перспектыва». Пры гэтым апошнія месцы падзялілі сталіца і віцебская вобласць. За год лічба прадпрымальнікаў там не вырасла і на адсотак.

Анатоль Шумчанка, кіраўнік абʼяднання «Перспектыва»:

«Вельмі негатыўныя ацэнкі ўладам даюць прадпрымальнікі. Галоўныя праблемы – што няма гандлю і шкодзяць законы Мытнага звязу аб маркіроўцы і дакументах на тавар. Таксама замінаюць канкурэнты з сярэдняй Азіі і таму падобным. Калі казаць пра пагрозы, прадпрымальнікі сярод іх называюць перадусім урад».

Наракаюць таксама на Дзяржстандарт і Міністэрства падаткаў, паказала анкетаванне «Перспектывы», якое прайшлі больш за тысячу асобаў з усяе Беларусі:

46 % гатовыя перанесці бізнес за мяжу,

40 % рыхтуюцца закрыць бізнес,

92 % лічаць, што іх знішчаюць як клас,

84 % хочуць сустрэчы з прэзідэнтам.

«Час паразмаўляць з прэзідэнтам і спытаць: «Мы патрэбныя вам ці не патрэбныя?» Калі не патрэбныя – так і скажыце, каб ні на што не разлічвалі. А калі патрэбныя – давайце сядаць і думаць разам, як нам выжыць і ўсе гэтыя лічбы змяніць у лепшы бок», – мяркуе Анатоль Шумчанка.

Карыстаючыся са звестак Белстату, лічылі леташні прырост абʼектаў гандлю і паслуг, а таксама колькі прадпрымальнікаў прыпадае на тысячу жыхароў пэўнай вобласці. Найбольш у Менску (37) і Менскай вобласці (27). Прадпрымальнікі кажуць, што гаспадарамі малога бізнесу хацелі б бачыць хаця б 10% працоўных.

Да прыкладу, Васіль Мозаў звязаны з грузаперавозкамі і галіною паслуг. Ведаў мае багаж і энергіі. Здавалася б, трэба імкнуцца да развіцця…

«Мы разумеем што ўкладанне ўласных сродкаў, якіх і так няшмат і якія складана даліся, – гэта рызыка. Не наважваешся рызыкаваць, бо за намі стаяць сем’і», – кажа Васіль Мозаў, прадпрымальнік.

Гэткія разважанні ёсць і сярод жыхароў з рэгіёну, найбольш спрыяльнага для бізнесу (Лагойск):

«Нас паўсюль заціскаюць – арэндамі, падаткамі вялікімі».

«Займаюся арэндай турыстычнага абсталявання. Пакуль я ў малым бізнесе, то праблем не бачу».

«Не сказала б я, што надзвычай спрыяльныя ўмовы тут для бізнесу. Магчыма, нешта часткова лепш, але не даведзена пакуль да ўзроўню, які ёсць у Еўропе».

Сябры прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» змагаюцца за такі ўзровень і заклікаюць прадпрымальнікаў да дыялогу з уладаю. 20 траўня – чарговы Форум арганізацыі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu