Аб'ектыў 18.01.2019 Менск зноў просіць грошай у Міжнароднага валютнага фонду


Менск зноў просіць грошай у Міжнароднага валютнага фонду і нават стварае супольную працоўную групу з мэтай падрыхтаваць «дарожную мапу чарговых структурных рэформаў». Проста так, без гарантый рэформаў, даваць грошы МВФ ужо даўно не хоча. То ці пачне Менск рух у кірунку эканамічных пераўтварэнняў? Высвятляў Аляксандр Папко.

Шукаць грошы на Захадзе афіцыйны Менск прымушае застой на ўласным і на расейскім рынку ды скарачэнне нафтагазавых субсідыяў. Паўтараецца сітуацыя чатырохгадовай даўніны, калі ўлады Беларусі таксама вялі перамовы з Міжнародным валютным фондам.

«А пасля, у пачатку 2017 году, Лукашэнка дамовіўся з Пуціным пра выгадную нафтагазавую здзелку, і тады ўсё стала. Зараз будзе такая ж сітуацыя: калі ўдасца дамовіцца з Расеяй, ніякае супрацоўніцтва з МВФ не пачнецца», – Андрэй Елісееў, даследчы цэнтр EAST.

У абмен на абяцанні рэформаў МВФ грошай не дасць. Прычым прыватызацыі ад Менску Захад ужо не патрабуе. Трэба пераводзіць дзяржаўныя прадпрыемствы на рынкавыя рэйкі.

«Няхай гэтыя дзяржаўныя фірмы, дзяржаўная ўласнасць, дзейнічаюць паводле рынкавых правілаў, а профільныя міністэрствы не замінаюць іншым гульцам у гэтым сектары. Каб гэтаму спрыяць, трэба аддзяліць дзяржаўную ўласнасць ад кіраваннем ёй», – кажа эканаміст Алесь Аляхновіч.

Калі кіраванне дзяржаўнымі заводамі аддадуць у рукі незалежных ад ураду менеджараў, то як прымусіць іх павышаць заробкі, аддаваць увесь прыбытак у дзяржаўную скарбонку ды падымаць стратныя калгасы?

«Надта радыкальныя меры, вядома, не будуць тычыцца адразу ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў. У прынцыпе, Беларусь пакрысе ідзе да гэтага. У бюджэце 2019 года ўжо зменшаныя датацыі дзяржпрадпрыемствам», – гаворыць Андрэй Елісееў.

Што будзе, калі рэформаў не будзе? Беларускую эканоміку чакае стагнацыя – кажа новы даклад МВФ. Нават калі Расея скампенсуе павышэнне цэнаў на нафту, рост беларускай эканомікі налета складзе ўсяго два адсоткі. Цяжкім грузам на бюджэт лягуць выплаты замежных пазык. Эканаміст Алесь Аляхновіч:

«За апошнія пяць гадоў, пачынаючы з 2014 года да 2018 год уключна, беларуская эканоміка не вырасла. Ейны сукупны рост склаў менш за адзін працэнт. А ў гэты час краіна-суседка – Польшча – вырасла больш як на 20 працэнтаў».

Вымушаныя дробныя рынкавыя рэформы Менск праводзіць ужо 10 гадоў. За гэты час вырасла роля малога бізнесу, а доля дзяржавы ў эканоміцы ўпала на 10 адсоткаў і ўсцяж складае каля паловы. Праўда, з такою хуткасцю беларуская эканоміка стане нагадваць рынкавую гадоў праз дваццаць. Ёсць шанец, што рэформы пойдуць хутчэй – калі Крэмль не дасць грошай.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары