Менск выслаў журналістаў Крамля


Напярэдадні дня перамогі разгарэлася інфармацыйная вайна паміж хаўруснікамі – Беларуссю і Расеяй. Спачатку бакі абмяняліся вербальнымі ўдарамі ў галоўных выданнях навінаў, а цяпер і палітыкі ўступаюць у бой. Хто за цаной не пастаіць і чыёй будзе перамога са слязамі на вачах?

Выдаленнем з краіны сваіх калегаў Аляксея Кручыніна і Сяргея Панасюка абураны Саюз журналістаў Расеі. Беспадстаўнымі назваў дзеянні Менску і расейскі «Первый канал».

«Беларускі бок палічыў, што ў рэпартажы нібыта была неабʼектыўная інфармацыя. У чым менавіта заключаюцца прэтэнзіі, у беларускім МЗС не растлумачылі», – паінфармаваў расейскі тэлеканал.

Прэтэнзіі растлумачыла беларускае дзяржаўнае тэлебачанне. 18 хвілінаў эфіру яно прысвяціла крытыцы 4-хвіліннага сюжэту расейскага «Первого канала», які зʼявіўся напярэдадні. Маскоўскія журналісты абвінавацілі Менск ва ўтойванні статыстыкі смерцяў ад COVID-19 і раскрытыкавалі за дазвол багаслужбаў і правядзенне суботнікаў. Беларускае тэлебачанне не хавала гневу:

«Беларусь не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі ў барацьбе з вірусам. Свайго досведу нікому не навязваем. Ведаем, што ён не спрацуе там, дзе знішчаная сістэма аховы здароўя. Але як суверэнная краіна Беларусь мае права абараняць сваіх грамадзянаў не толькі з дапамогай медыцыны, але і інфармацыйна. Напрыклад, ад хлусні і фэйкаў, якіх у адным сюжэце 7 штук».

Парушэнняў, якія могуць абгрунтаваць выдаленне Аляксея Кручыніна з Беларусі, у сюжэце расейскага «Первого канала» няма – каментуе скандал намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Я перагледзеў акурат два сюжэты: сам сюжэт расейскага тэлебачання і сюжэт-аспрэчванне, у якім распякалі расейскіх журналістаў. На мой погляд, у расейскім сюжэце ўсё ж больш праўды», – мяркуе Барыс Гарэцкі.

Апошні раз журналіста расейскіх дзяржаўных СМІ Міністэрства замежных справаў Беларусі пазбаўляла акрэдытацыі ў лістападзе 2010 года. Чым выкліканая такая гнеўная рэакцыя Менску?

«Высылка расейскага журналіста – гэта наступства цэлага шэрагу вострых супярэчнасцяў (і эканамічных, і палітычных) паміж Менскам і Масквой. Я думаю, што гэта была проста апошняя кропля», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Мінулы год адзначыўся няўдалымі спробамі Расеі прымусіць Менск да інтэграцыі. Гэты – пачаўся з перакрыцця Крамлём нафтавай трубы ў выніку спрэчак вакол цаны на сыравіну. У барацьбе з каронавірусам Менск і Масква зноў дэманструюць розны падыход. Уладзімір Пуцін увёў жорсткі каранцін, Аляксандр Лукашэнка дэманстрацыйна праводзіць парад.

«Безумоўна, тут праяўляецца рэўнасць. Гэта рэўнасць да таго, хто можа пакарыстацца са спадчыны перамогі, хто можа абапірацца на «русские духовные скрепы». Усё гэта мае вялікае значэнне для кансерватыўнай расейскай публікі», – каментуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Выдаленне расейскай здымачнай групы Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць неабгрунтаваным, аднак выказваць салідарнасць не спяшаецца.

«І Беларускае тэлебачанне, і расейскі «Первый канал» – гэта інструменты дзяржаўнай прапаганды. Не трэба чакаць на гэтых каналах стоадсоткава праўдзівай інфармацыі», – сцвярджае Барыс Гарэцкі.

Як высветліла газета «Наша Ніва», выдалены з Беларусі карэспандэнт расейскага «Первого канала» Аляксей Кручынін вясной і восенню 2014 года працаваў у Луганску. Ён адзін з першых пачаў называць украінскіх вайскоўцаў фашыстамі і карнікамі.

Аляксандр Папко, «Белсат»