Аб'ектыў 13.03.2017 Менск выйдзе на дазволены Марш недармаедаў


Нягледзячы на хвалю рэпрэсіяў наступныя пратэсты адбудуцца ўжо ў гэтую сераду. Прычым Марш недармаедаў 15 сакавіка сталічныя ўлады дазволілі. Заяўнікі акцыі спачатку выказвалі нязгоду з маршрутам шэсця, прапанаваным менскімі чыноўнікамі, але ўрэшце пойдуць ім. Чаму?

15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі.

Калі ж, як не ў гэты дзень, пратэставаць супраць антыканстытуцыйнага Дэкрэту?

«Гарвыканкам нашую акцыю на 15 сакавіка дазволіў, таму, як кажуць, людзі Беларусі маюць права прыйсці да кінатэатра Кастрычнік – гэта пачатак збору а 17.30», – зазначыла Ірына Вештард з Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя.

Улады дазволілі недармаедам прайсці традыцыйным маршрутам

Пратэстоўцам можна ісці ад кінатэатру «Кастрычнік» па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор. У Парку ж Дружбы народаў, які ў народзе называюць «рэзервацыяй для апазіцыянераў», адбудзецца мітынг. Спачатку арганізатары ісці ў аддалены ад людскога вока парк не пагадзіліся. Але сёння абвесцілі супольнае рашэнне 9 апазіцыйных арганізацыяў: не рабіць насуперак уладам.

«Мы спадзяемся пазбегнем рэпрэсій у адносінах да ўдзельнікаў акцый і такім чынам не перашкодзім акцыі 25-га сакавіка, якая будзе наступнай, яна будзе больш буйной і там мы ўжо пойдзем туды, куды нам трэба пайсці», – зазначыў Дзяніс Садоўскі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Але перашкодзіць спрабуюць улады

Лідараў апазіцыйных структур, што бралі найбольшы ўдзел у рыхтаванні пратэставых акцыяў – Анатоля Лябедзьку, Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і Юрася Губарэвіча кінулі за краты на 15 дзён, каб яны не змаглі ўзяць удзел у пратэсце.

«Чакаем шмат людзей. Пасля самыя людзі мусяць прымаць рашэнні. Мы заклікаем да гэтага людзей. Якое рашэнне яны прымуць, туды мы і пойдзем», казаў раней спадар Лябедзька.

Але, падобна, гэткі віток рэпрэсіяў паспрыяў кансалідацыі апазіцыі, яе прадстаўнікі заяўляюць пра супольнае рыхтаванне да Дня Волі. Сталічная акцыя 25 сакавіка мае быць вызначальнай у супрацьстаянні недармаедаў з уладамі. 15 ж сакавіка – генеральная рэпетыцыя.

15 сакавіка – дзень кампрамісу: гэта шанец для ўладаў пачуць людзей ды шанец для людзей без вялікай рызыкі, бо акцыя дазволеная, выказаць набалелае.

«Мы разлічваем на тое, каб прыцягнуць тых людзей, якія далёкія ад палітыкі, якія, можа, не разумеюць усіх прычын таго, што адбываецца, але якія абураныя Дэкрэтам № 3. 2/47 Мы хочам, каб людзі, які плануюць прыйсці на гэтую акцыю, не парушылі не толькі канстытуцыю, пра якую мы кажам, але і ніводнага закона нават гэтай аўтарытарнай улады», – даводзіць Леў Марголін з Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Не толькі ў сталіцы будуць пратэставаць у гэты дзень

Сваё абурэнне сітуацыяй у краіне выкажуць таксама жыхары Гомля, Віцебску, Магілёва і Горадні.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары