Менск пачынаўся за кальцавой: у Гарадзішчы адкрылася сядзіба-музей гісторыі сталіцы


Тут, у вёсцы Гарадзішча, за сем кіламетраў ад кальцавой дарогі, у дзясятым стагоддзі пачынаўся Менск. Але людзі жылі і раней – пра гэта сведчыць знойдзеная кераміка. Проста тут было менскае замчышча – горад плошчаю 30 гектараў. Горад спалілі ў 1067 годзе, пасля гэтага будучая сталіца пачала развівацца на рацэ Нямізе.

«Менск у дзясятым стагоддзі быў Нью-Ёркам, усе імкнуліся сюды на заробкі, тут было лёгка знайсці сваё месца пад сонцам. Полацак быў Вашынгтонам, а Менск – Нью-Ёркам, там сядзеў князь з адміністрацыяй, а ўся дзвіжуха адбывалася тут», – расказвае стваральнік музею Глеб Лабадзенка.

«Археолаг Сяргей Тарасаў, які ёсць натхняльнікам і навуковым кіраўніком гэтага музею, паказаў рэстаўратару, дзе стаяла якая вежа, і мастак ужо ўвасобіў. Раскопкі паказалі, што гэтыя хаты стаялі вельмі шчыльна, бо было прэстыжна жыць пад самым бокам у князя», – кажа Глеб.

«Мы знаходзім кераміку, якая ляжыць пад нагамі. Вось у мяне стаіць такое вядзерца, гэта проста дзеці на дне пясочніцы знаходзяць косткі тысячагадовыя, чарапкі тысячагадовыя, а ўсё астатняе знаходзіць Акадэмія навук. Я гляджу, каб не было чорнакапальнікаў. Аднаго ў сакавіку злавіў – 400 рублёў штрафу», – кажа Глеб.

У музеі паказаны адзін з самых вядомых эпізодаў жыцця Усяслава Чарадзея: ягонае зняволенне ў кіеўскай вязніцы. Полацкі князь дагэтуль застаецца адною з самых загадкавых фігураў беларускай гісторыі. І тут, у гарадзішчы, меў сваю рэзідэнцыю.

Наста Кахановіч, «Белсат»