Менск – апошні ў спісе еўрапейскіх сталіцаў паводле якасці жыцця


Рэйтынг Quality of Living Rankings складаецца з 39 фактараў, у тым ліку – паводле ацэнкі працы грамадскага транспарту. Менавіта ў кірунку развіцця грамадскага транспарту сталіца Беларусі намерваецца дагнаць сваіх еўрапейскіх калег, але не хутка. З працягам тэмы Галіна Абакунчык.

Менскі мікрараён Сухарава – сярод першых паводле шчыльнасці насельніцтва, а значыць, і транспартных нагрузак. Улады сталіцы абяцаюць развязаць праблему, праклаўшы ў мікрараён лінію першага хуткаснага трамваю.

У Сухараве жывуць амаль паўмільёна чалавек – удвая больш, чым на іншых гарадскіх ускраінах. З транспарту, акрамя ўласных аўтамабіляў, – аўтобусы ды тралейбусы. І жыхары Сухарава наракаюць на іх працу:

«Увогуле няма на першую лінію транспарту. У выходныя не ходзіць вельмі шмат транспарту – зусім ніяк».

«Звычайная праблема для ўсіх такіх раёнаў – гэта транспарт паміж раёнамі. То бок, з Сухарава ў Малінаўку дабрацца нерэальна».

«Напэўна, кірункі раз’езду трэба змяніць – у розныя бакі Менску, а не толькі ў адзін цэнтр. Каб хутчэй хадзіў, больш кароткія маршруты былі, да метро на дзве лініі».

«Па паўгадзіны даводзіцца чакаць, калі ехаць з гэтага кірунку. Хіба вось на гэтай развязцы яшчэ які аўтобус у Ждановічы, а так – усё».

Менавіта з Сухарава ў раён вуліцы Кальварыйскай сталічныя ўлады намерваюцца пракласці каляіну для хуткаснага трамвая, які будзе ехаць не 15, а 25 кіламетраў за гадзіну. Схема руху з’явілася на генеральным плане Менску яшчэ тры гады таму, а сама ідэя – больш за дзесяць. Цяпер яна, нібыта, на стадыі распрацоўвання бізнес-плану. Адмыслоўцы вітаюць задуму, але не чакаюць хуткай рэалізацыі.

«Трамвай – гэта таксама складаны праект. Толькі зараз мы пачынаем яго развіваць, і нават калі знойдзем грошы і зараз пачнем усё гэта рабіць, нас чакае шмат-шмат гадоў, пакуль усё гэта запрацуе. Я не хачу казаць пра нейкія лічбы, але гэта каля пяцідзесяці гадоў, пакуль усё з’явіцца. Бо гэта ўсё вельмі складана», – гаворыць дарэктар Цэнтру «Новых ідэяў» Антон Радзянкоў.

Найхутчэйшы транспарт сёння – метро: цягнік разганяецца да 40 кіламетраў за гадзіну. Але метро і найдаражэйшае: пабудаваць адзін кіламетр каштуе каля 80 мільёнаў рублёў. Таму хуткасны наземны транспарт – альтэрнатыва ў развязанні праблемаў грамадскага транспарту, што нарастаюць разам з ростам гарадоў.

«Ёсць распрацаваныя прапановы, якія ўключаюць, у тым ліку, развіццё трамвайнай сістэмы і забарону так шчыльна забудоўваць Менск», – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Актывісты мяркуюць, што ўлады будуць больш звяртаць увагу на грамадска-палітычныя працэсы, бо ў так званы год «вакханаліі» ці інакш выбараў, працэсы і пратэсты асабліва будуць скіраваныя супраць дзейных уладаў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu