Менчукі пачалі змагацца з «Табакеркамі»


«Табакеркі» – шапікі з тытунёваю прадукцыяй – пачалі ўсталёўваць у Менску толькі ў ліпені гэтага года, але розных канфліктаў вакол гэтага назбіралася ўжо шмат. Гараджане ўпэўненыя: на сталічных вуліцах «Табакеркі» – выключна замінаюць!

Менш за 20 метраў ад дзіцячага садка. У сталічным раёне Шабаны шкоднымі вырабамі збіраюцца гандляваць на скрыжаванні пешаходных шляхоў і прыпынку. Няпроста тут будзе перасоўвацца з дзіцячымі вазочкамі, людзям з інваліднасцю, а таксама тым, хто рухаецца па горадзе на ровары ці самакаце.

Жыхары Шабаноў усталяваннем шапіка засталіся незадаволеныя і патрабуюць яго прыбраць:

«Тыя, хто ўсталёўвалі гэтую табакерку, не думаю, што падумалі пра садок, пра людзей, пра тых, хто тут жыве. Што гэта вельмі патрэбна нам».

«Але ў нас у прынцыпе тут гуляць няма дзе, таму калі адчыніцца, то гэта ўсё ж такі будзе праблемаю для нашага раёну».

«Як быццам я не супраць іх, але адразу на прыпынку – там не развярнуцца, і тут дзіцячы садок, школа!»

Афіцыйна Менгарвыканкам дазваляе ўсталёўваць табакеркі пры выкананні некалькіх патрабаванняў. Дызайн шапіка павінен быць прывабным. Нельга размяшчаць іх у цэнтры Менску і паблізу магістраляў. Не месца Табакеркам каля садоў, школаў, паліклінік, больніцаў і паркаў. Але, як мы ўжо бачылі раней, гэтыя правілы выконваюцца не заўседы.

Фёдар Сухаў, аўтаэксперт:

«Яны ўплываюць на верагоднасць падвышэння ўзроўню ДТЗ з удзелам пешаходаў. У прыватнасці, калі ўсталёўваць гэтыя кіёскі, ды і ўсе іншыя кіёскі, у месцах збору людзей, гэта скрыжаванні, як правіла, якіясьці крамы, для кіроўцы абмяжоўваецца бачнасць па ходніку…»

Пра тое, што гараджане незадаволеныя з’яўленнем «Табакерак» на менскіх вуліцах сведчаць петыцыі з патрабаваннем прыбраць шапікі. Грамадская актыўнасць часамі прыносіць плён. Некалькі дзён таму ў Менску на вуліцы Кнорына менавіта па патрабаваннях жыхароў табакерку прыбралі.

Сяргей Лугінін, жыхар Менску:

«Людзі правільна аформілі зварот. Тут былі закранутыя не толькі грамадскія інтарэсы, але і ўразрэз ішлі правілы дарожнага руху. То бок гэта стварэнне небяспекі для жыхароў раёну…»

Усяго ў Менску да канца года маюць паўстаць ажно паўтысячы табакерак. Іх усталяваннем займаецца кампанія «Энерга Оіл», падкантрольная бізнесоўцу Аляксею Алексіну. І гэта пры тым, што яшчэ ў 2008 годзе ўлады зачынілі звычайныя кіёскі. Аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» днямі скіравала зварот да кіраўніка дзяржавы пра няроўныя ўмовы ўсталявання шапікаў у Менску.

Алена Дубовік belsat.eu