Аб'ектыў 15.04.2019 Маці жаўнера, які ўпаў з 4 паверха: Войска прыкрывае азадак


21-гадовы жаўнер атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку, як папярэдне паведамляецца, падзення з чацвёртага паверху казармы ў вайсковай частцы ў сталічным Уруччы.

Выпаў з чацвёртага паверху – усё, што пакуль вядома пра прычыны цяжкіх траўмаў 21-гадовага Андрэя Макаеда, які праходзіць службу ў 120 гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе. Цяпер ён знаходзіцца ў медыкаментознай коме, стан – стабільна цяжкі. Яму выдалілі частку падстраўнікавай залозы і селязёнку. Маці салдата, Наталля, змагла паразмаўляць з саслужыўцамі Андрэя.

«Ён мне сказаў: «Наталля, нікому не верце, яны замятаюць сляды». І, маўляў, яны будуць рабіць усё, каб прыкрыць свой азадак. Распавёў таксама пра некаторыя выпадкі дзедаўшчыны, а таксама некаторыя моманты, якія не мог распавесці ў прысутнасці свайго кіраўніцтва», – кажа Наталля Макаед.

Як у ваду глядзеў: Следчы камітэт разглядае версію «спроба самагубства». Гэта ўжо ледзь не традыцыя – гэтак, у рэзананснай справе смерці Аляксандра Коржыча ў лістападзе 2017 году таксама вынеслі падобны вердыкт. Нягледзячы на тое, што жаўнера знайшлі з майкай на галаве, звязанымі рукамі ды нагамі. Вось і маці Андрэя Макаеда сцвярджае, што варыянт спробы самагубства – выключаны.

«Усё залежыць ад таго, як сябе паводзяць афіцэры, камандаванне часткі на месцы. На жаль, як любая бюракратычная сістэма (а войска – гэта вялікая бюрактарыя), яны хутчэй арыентуюцца на тое, каб прыхоўваць нейкую негатыўную інфармацыю, чым на тое, каб вырашаць праблемы карэнным чынам», – кажа кіраўнік »Belarus Security Blog« Андрэй Паротнікаў.

Толькі за мінулы год адбыліся тры смерці ваеннаслужачых пры вельмі цьмяных абставінах. Кіраўніцтва краіны толькі прадэманструе намер вырашыць праблемы з інцыдэнтамі ў войску.

«Праверкі пракуратуры носяць прафілактычны характар. Яны арыентаваныя не столькі на салдатаў, колькі на афіцэраў: паказаць, што ніхто больш нічога хаваць не будзе. Але з іншага боку, пракуроры бываюць раз на месяц у нейкай вайсковай частцы, а праблемы застаюцца кожны дзень. Таму тут вельмі вялікае пытанне да здольнасці афіцэраў належным чынам падтрымліваць правапарадак і дысцыпліну ў аддзяленнях», – дадае Паротнікаў.

І ад вырашэння гэтага пытання залежыць не толькі глабальная бяспека краіны, але і жыцці ды здароўе абсалютна канкрэтных людзей.

Зміцер Міцкевіч/«Белсат»; ілюстратыўнае фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары