Маці японца, які сядзеў у Беларусі: Пісалі Лукашэнку, гэта мела эфект


Год і дзевяць месяцаў за 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі да вінтовак Мосіна – японскі мастак Даіці Ёсіда сёння выйшаў на волю з калоніі ўзмоцненага рэжыму «Віцьба». Як японец апынуўся за кратамі ды чаму пакаранне было настолькі жорсткае?

15 жніўня 2016 года Даіці Ёсіду затрымалі ў Менскім аэрапорце, дзе ён быў транзітам – вяртаўся з фестывалю манга ў Адэсе. Там ён набыў у аўтарызаванай краме некалькі частках старой зброі, паводле яго, для сваіх будучых малюнкаў. Менавіта яны і сталі прычынаю арышту за незаконны правоз і перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі. А 28 красавіка мінулага года Даіці Ёсіда атрымаў 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму.

«Вельмі шмат беларусаў падтрымлівалі Даіці. Шмат людзей далучылася да адмысловай суполкі ў «Фэйсбуку», таксама людзі пісалі яму лісты і дасылалі ежу. Гэта было добрай матывацыяй для нас і Даіці. Таксама мы напісалі два лісты Лукашэнку – гэта таксама мела эфект», – кажа Ёка Ёсіда, маці Даіці Ёсіды.

Родныя мужчыны не ўпэўненыя, што ён да канца разумее, што і чаму з ім адбываецца. Усе дакументы, якія ён атрымліваў і падпісваў ужо пасля затрымання, былі выключна на расейскай мове, якой Ёсіда не ведае. Паводле сваякоў, ён хацеў як мага хутчэй вызваліцца з гэтай сітуацыі, таму падпісваў усё, што яму давалі.

«У турме ў Жодзіне яму было вельмі кепска. Ён адчуваў сябе дрэнна ментальна, ён не мог спаць. Там брудна ў камерах. Камера для дзесяці чалавек, а туды напхана пятнаццаць. Усе навокал размаўляюць па-расейску, а Даіці з гэтага нічога не разумее. Таксама ў яго не было добрай ежы», – працягвае Ёка Ёсіда.

Раней у падобную сітуацыю ў Беларусі трапіў французскі турыст Жалян Віё, якога затрымалі беларускія памежнікі з адным дзейным патронам. Аднак Віё вызвалілі з-пад варты праз два месяцы – суд не знайшоў складу злачынства ў ягоных дзеяннях.

«Пры ацэнцы канкрэтнага злачынства следства і суд павінныя зыходзіць як раз з матываў здзяйсненняў злачынства, намеру, а таксама ацэньваць тую грамадскую небяспеку, якую ўтварае склад злачынства. Адная справа, калі чалавек перавозіць гранатамёт, а іншая – калі нейкі патрон ці дэталі ад вінтовак нейкага 1945 года», – мяркуе Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Зараз, кажуць родныя Даіці Ёсіды, ён хоча стварыць манга пра гісторыю, вайну, а таксама Савецкі Саюз і яго культуру. Але як ён будзе адлюстроўваць у сваіх творах Беларусь – пытанне вельмі і вельмі спрэчнае.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu