Маці-328 дамагліся спаткання з уладамі, сілавікамі, прадстаўнікамі адукацыі і БРСМ


Няма больш магутнай сілы, чым матулі дзяцей, якія патрабуюць абароны і дапамогі. Маці-328 змагаюцца не толькі за сваіх дзяцей, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, але і ўсіх іншых, каб яны не трапілі ў пастку наркагандляроў. Што, на іх думку, павінныя дзеля гэтага зрабіць улады?

Пракуратура і міліцыя, упраўленне адукацыі і БРСМ – у Віцебску адбыўся круглы стол з мясцовымі ўладамі, які зыніцыявалі актывісткі Руху маці 328. Размаўлялі падчас сустрэчы, зарганізаванай упраўленнем адукацыі, пра недастатковую прафілактыку распаўсюду наркотыкаў.

Наталля Шарыпа, Рух маці 328:

«Усе распавядаюць пра шкоду наркотыкаў. Каб палепшыць гэтую прафілактыку, трэба дадаць адну фразу: што не абавязкова спажываць наркотыкі, можна ўладкавацца закладчыкам ці проста кур’ерам і трапіць за гэта на 10–15 гадоў».

Круглы стол прайшоў у закрытым рэжыме, праходзілі на сустрэчу строга паводле спісаў. Наадрэз адмовіліся прапусціць журналістаў «Белсату», не было і абяцанага арганізатарамі дзяржаўнага тэлебачання. Дый начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Дзмітрый Хома на круглы стол не зʼявіўся, хоць яго і чакалі.

У вёсцы Востраў пад Пухавічамі іншым спосабам спрабуюць дамагчыся, каб улады іх пачулі. Там з адзінаццатага чэрвеня працягваецца галадоўка жанчын, якія дабіваюцца перагляду справаў супраць сваіх дзяцей паводле наркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ала Бярналь, галадоўніца:

«Людзі далучаюцца на дзень-два, як дазваляе праца, то бок людзі мяняюцца, а асноўныя ўтраіх мы галадаем: Алена Кузьміна, Людміла Кулініч і я».

Галадоўніца Ларыса Жыгар кажа:

«Гэтая галадоўка прысвечаная частцы 4 артыкулу 328, якую не ўключылі ні ў законапраект па змякчэнні заканадаўства, ні ў амністыю».

Частка 4 – гэта «дзеянні, учыненыя арганізаванаю групаю». Пад яе акурат і трапляюць тыя, хто хацеў падпрацаваць курʼерам у інтэрнэт-краме. Галадоўніцы звяртаюць увагу на тое, што цяперашнія спосабы барацьбы з наркотыкамі не дзейнічаюць.

«Перш за ўсё нашае патрабаванне – сустрэча з Лукашэнкам, і другое патрабаванне – перагляд крымінальных справаў па ўсіх частках артыкулу 328», – тлумачыць галадоўніца Ларыса Жыгар.

Андрэй Бандарэнка (праваабарончая арганізацыя «Платформа») лічыць, што кожны варыянт супрацы з уладамі ў гэтай сітуацыі неабходны:

«Гэта мае быць канструктыўная ўзаемавыгадная дзейнасць, таму любыя ўзаемадачыненні ў фармаце круглага стала, паседжання ў парламенце, сустрэчы – гэта ў кожным выпадку пазітыў, крок насустрач адно аднаму і разуменне той праблемы, якая на сёння існуе ў так званым наркатычным артыкуле».

Маці асуджаных паводле наркатычных артыкулаў спадзяваліся на амністыю для сваіх дзяцей, але кіраўнік краіны сказаў, што змякчэння прысудаў для іх не будзе.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu