Маці-328 абвесцілі галадоўку, каб спаткацца з Лукашэнкам


У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну Менскай вобласці маці-328 зноў распачынаюць галадоўку. Больш за год яны дабіваюцца сустрэчы з кіраўніком Беларусі. Аднак Аляксандр Лукашэнка так і не знайшоў часу сустрэцца з маці асуджаных.

Паслязаўтра дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць прымаць змены ў 2-ую і 3-юю часткі 328 артыкулу Крымінальнага кодэксу: у планах – паменшыць мінімальныя тэрміны пакарання. Маці-328 Алена Кузьміна кажа:

«Цяпер высунулі змены, якія не развязваюць праблемы паводле артыкулу 328. І ўсё-такі мы спадзяёмся, што прыедзе Аляксандр Рыгоравіч і скажа: «Давайце будзем разбірацца».

Ларыса Жыгар, маці-328, працягвае:

«Калісьці з высокай трыбуны было сказана, каб сядзелі і смерці прасілі. Стварыць ім такія ўмовы. Каму? Хто павінен прасіць смерці? Няпоўнагадовыя дзеці? Хлопцы ад 18 да 30? Якія не арганізавалі наркатрафік, якія не завезлі гэтыя наркотыкі ў краіну!»

Актывісткі Руху маці 328 кажуць, што амністыя, запланаваная да 3 ліпеня, закране толькі невялікую частку зняволеных паводле артыкулу, бо не будзе распаўсюджвацца на асуджаных паводле 4-ай і 5-ай частак, то бок распаўсюд.

«Вельмі лёгка людзі трапляюцца на 4-ую частку. То бок яны набываюць у інтэрнэт-краме. Калі грошай няма, ім кажуць набыць 5-6 закладак, сёмая – іхная. І пачынаюць тады дзіцё збіраць у кучу – вось гэта 4-я частка, бо яны ўсе набываюць у адной краме», – распавядае маці-328 Ала Бярналь.

Галадаванне актывістак Руху маці 328 распачынаецца незадоўга да пачатку ў Менску Другіх Еўрапейскіх гульняў. Магчыма, увагу замежных турыстаў і журналістаў прыцягнуць не толькі спартовыя падзеі, але і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

«Часам, калі камунікуеш з міжнароднымі прадстаўнікамі ААН, ЕЗ, складваецца ўражанне, што яны больш перажываюць за тое, што адбываецца ў нашай краіне, чымся нашыя ўлады непасрэдныя. Вось што крыўдна!» – абураная маці-328 Ларыса Жыгар.

У той жа момант не ўсе ўдзельніцы Руху маці 328 падтрымліваюць галадаванне як метад дасягнення мэтаў. Гэтак, некаторыя прапаноўваюць спачатку дачакацца рашэнняў Палаты прадстаўнікоў і ўстрымацца ад пратэставых акцыяў. Іншыя ж настроеныя рашуча:

«Пакуль мяне не забярэ хуткая дапамога, я адсюль не з’еду!»

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu