«Матэматыка супраць Ярмошынай»


Матэматыка супраць фальсіфікацыяў. Як лічаць на выбарах, даследаваў палітолаг Андрэй Елісееў. Даследнік працаваў у рэгіянальных архівах і знайшоў цэлы шэраг доказаў фальсіфікацыяў, нестыковак і проста матэматычна анамальных лічбаў у шмат якіх выбарчых звестках.

Фантастычныя лічбы, прыпіскі і доказы перапісвання рэальных вынікаў галасавання знайшоў палітолаг Андрэй Елісееў падчас карпатлівай працы ў рэгіянальных архівах. Звесткамі навуковец падзяліўся ў сеціве. Апрача супярэчнасцяў, знайшліся зусім парадаксальныя зафіксаваныя факты перапісвання галасоў.

«Мяне як даследчыка найбольш зацікавіла і абурыла як грамадзяніна наяўнасць падвойных версіяў асобных пратаколаў. Значыць, часам у рэдкіх выпадках у архіўныя справы падшыіітыя не адна версія пратакола па раёне, а дзве з рознымі лічбамі», – кажа палітолаг і даследчык Андрэй Елісееў.

Гэтак, у адной з ведамасцяў па Віцебскім раёне за 2006 год, запоўненай алоўкам, значыцца колькасць галасоў за Аляксандра Казуліна ў першых трох выбарчых камісіях – 3, 34, і 9. У той час як ужо ў фінальным варыянце ў гэтым жа месцы стаяць нуль, адзін і 6 галасоў. І гэта толькі што датычыць галасавання. Маюцца праблемы і з лічбамі, якіх проста не можа быць пры падліках, бо яны атрымоўваюцца адмоўныя.

«Апрача працы ў архівах, можна таксама бачыць статыстычныя і матэматычныя анамаліі ў зборніках ЦВК, не абавязкова нават браць адзіныя дадзеныя, дастаткова дадзеных з афіцыйнага сайту ці з бібліятэк. Напрыклад, у 2006 годзе па некаторых раёнах быццам адмоўная колькасць людзей галасавала супраць усіх кандыдатаў», – кажа палітолаг і даследчык Андрэй Елісееў.

Паводле комплекснага аналізу звестак, які дазваляе разважаць на тэму падліку галасоў, вынікае, што розныя маніпуляцыі з лічбамі датычылі сотняў тысяч і нават мільёна галасоў падчас апошніх прэзідэнцкіх кампаніяў…. Таксама пад вялікім пытаннем падлікі галасоў рэферэндуму 2004 года. З вынікамі маштабнага даследавання Андрэя Елісеева можна азнаёміцца на платформе scribd.com. Там трэба ўвесці запыт «Матэматыка супраць Ярмошынай».

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»