Чаму Лукашэнка не пагодзіцца на «саюзны» інтэрнэт


У інтэрнэце мусіць быць забаронена ўсё, што мы хочам забараніць у нашым жыцці. А калі забараняць – то разам. Суаўтар закону аб ізаляцыі Рунэту прапанаваў Беларусі дзеяць разам у сферы рэгулявання інтэрнэту. Наколькі рэальная такая перспектыва, і што яна будзе азначаць для нашай краіны?

Адзіная дзяржава – адзіны інтэрнэт. У суседняй краіне раптам пачалі клапаціцца пра супольную расейска-беларускую інфармацыйную прастору.

Андрэй Клішас, кіраўнік Камітэту Савету Федэрацыі Расеі ў канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, у інтэрв’ю pnp.ru: «Нам трэба, па вялікім рахунку, агульная інфармацыйная прастора, агульныя падыходы да рэгулявання – напрыклад, таго, як будзе працаваць сетка інтэрнэт».

Паводле расейскага сенатара, абедзвюм краінам трэба рухацца ў бок уніфікацыі правілаў захавання ды абароны інфармацыі. Палітык лічыць, што гэта паспрыяе развіццю эканомікі ў краінах, а таксама… умацаванню беларускага суверэнітэту.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі: «Адзін з плюсаў беларускай IT-дзяржавы – гэта тое, што ў нас ёсць больш-менш вольны інтэрнэт і ў нас ёсць IT-індустрыя. Калі зрабіць варыянт Паўночнай Карэі, то на IT-індустрыі можна будзе ставіць крыж».

А да такога Аляксандр Лукашэнка пакуль не гатовы. Таму і пра неабходнасць абмежавання непажаданага інтэрнэт-кантэнту выказваецца максімальна мякка.

«Ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у нечым абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хаця трэба было б. Мы пакуль яшчэ не ведаем, як гэта зрабіць гэтак, каб цывілізаванае грамадства зноў не ўвяло санкцыяў», – казаў ён сёлета ў верасні.

Перажывае афіцыйны лідар не толькі за санкцыі, але і за сваю ўладу, мяркуе блогер Эдуард Пальчыс. Таму што, паводле яго, у выпадку «інфармацыйнага абʼяднання» расейцы атрымаюць доступ да ўсяго, што ёсць у нашай інфармацыйнай прасторы.

Эдуард Пальчыс, блогер: «Атрымаецца, што і ягонае атачэнне, і ягоных чыноўнікаў і спецслужбы расейцы змогуць яшчэ больш дэталёва ведаць, увесь кампрамат сабе здабываць».

Не гатовая абмяжоўвацца ад глабальнага інтэрнэту і большасць апытаных намі жыхароў Бабруйску:

«Негатыўна гэта ўсё скажацца».

«Я лічу, што лепш не трэба».

«Па-першае, канкурэнцыя будзе. Таму што Белтэлекам зараз – усё, па-другое, інтэрнэт – гэта свабодная прастора».

Тым часам ужо 1-га лістапада ў Расеі ўступіць у сілу закон пра «суверэнны Рунэт». Улады змогуць у кожны момант адключаць карыстальнікаў ад сусветнага павуціння. Праўда, пакуль спробы штосьці абмежаваць ідуць з пераменным поспехам: месенджар Telegram па-ранейшаму дасяжны, а Раскамнагляд выпадкова блакуе то Google, то самога сябе. Вынікае, што задушыць інтэрнэт не так проста, як пратэсты супраць цэнзуры.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»