Масква і Менск абмяркоўваюць стварэнне адзінай валюты


Пра гэта заявіў кіраўнік Мінэканамразвіцця Расеі Максім Арэшкін на палях Міжнароднага эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу.

«Пытанне адзіных валютаў – гэта пытанне цэнтральных банкаў. Цэнтрабанкі і ў Расеі, і ў Беларусі незалежныя ад ураду, на ўрадавым узроўні гэта не будзе вырашацца і абмяркоўвацца. Гэта, вядома ж, узровень абмеркавання для прэзідэнта».

Аднак колькі кіраўнікі краінаў ужо ні сустракаліся, пазіцыі ў асобных кірунках інтэграцыі па-ранейшаму разыходзяцца, распавёў журналістам міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты. У першую чаргу гэта датычыць энергетыкі і банкаўскага сектару. Якой бачаць ва ўрадзе Расеі і Беларусі адзіную валюту, пытанне пакуль застаецца адкрытым.

Леанід Заіка, эканаміст, цэнтр «Стратэгія»: «А што ўводзіць? Калі за долар – 60 рублёў! Што ўводзіць? Гэты драўляны расейскі рубель? Пра што казаць?».

А вось з сацыяльным блокам, прамысловасцю і фінансавым рынкам нашмат прасцей, адзначыў міністр Дзмітрый Круты. Агулам жа абноўленую праграму паглыблення ў расейскія абдымкі мусяць прэзентаваць да 21-га чэрвеня, а асноўныя захады плануюць рэалізаваць да 2022–2023-га года. Ці з’Явіцца да гэтага часу адзіная валюта?

Валерый Карбалевіч, палітолаг: «Пры пераходзе на расейскі рубель Беларусь у ступені незалежнасці будзе мала адрознівацца ад субʼекту РФ. Таму што эканамічная палітыка і грошы будуць вырашацца ў Маскве. Таму я з цяжкасцю ўяўляю, што Лукашэнка на гэта пагодзіцца».

А таму Масква не перастае ставіць незгаворліваму Менску старыя ўльтыматумы. Паводле віцэ-міністра Расеі Антона Сілуанава, пакуль не будуць вырашаныя пытанні аб інтэграцыі, не мАе сэнсу, цытата, «выцягваць» пытанні кампенсацыі за страты ад падатковага манеўру. Ды нават намякаць на новыя крэдыты.

Валерый Карбалевіч, палітолаг: «Мы вінныя 40 мільярдаў долараў. 4 тысячы долараў на кожнага беларуса. Якія мы набіралі апошнія 12 гадоў. Таму давайце пра гэта думаць, перш чым разважаць пра тое, як урэгуляваць пытанні з Масквой».

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, выступаючы напярэдадні на пленарным паседжанні эканамічнага форуму ў Пецярбурзе, супакойваў нашых суграмадзянаў палітычнымі заявамі:

«Сёння няма аніякіх умоваў для дзяржаўнага абʼяднання. У нас няма такіх планаў і мэтаў. У нас ёсць план будаўніцтва гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Я ўпэўнены, што нашыя людзі ў гэтым зацікаўленыя».

Ці зацікаўленыя беларусы ў адзінай валюце ў межах будаўніцтва Саюзнае дзяржавы, мы запыталіся ў жыхароў Магілёва.

Жыхары Магілёва:

«Мы незалежны народ, а раз дзяржава свая, то і валюта мусіць быць свая. Але калі створаць адзіную валюту, магчыма, эканоміка ўзмацніцца»

«Калі тут будуць заробкі расейскія, то можа і трэба. А калі грошы расейскія, а заробкі беларускія, то няма сэнсу»

«У іх капейкі, у нас капейкі. Раней былі паперкі, а цяпер капейкі. Чаму б не абʼяднацца?»

«Еўразвяз. Усе перайшлі на еўра – ад марак і кронаў. А вось Англія свой фунт захавала, і што атрымалася? Нічога добрага. Калі будзе адзіная валюта, то і больш шчыльныя сувязі ў нас будуць з Расеяй»

«Кожная рэспубліка мусіць мець сваю валюту. Плюс Канстытуцыю, сцяг і незалежнасць дзяржавы»

Аднак пакуль пытанне незалежнасці – самае актуальнае ў гэтых перамовах, бо…

«Напэўна, гэтая нашая віна, што мы мала даем інфармацыі ў медыі і грамадскасці, калі б мы гэта рабілі паўнавартасна, не было б ніякіх чутак».

Віталь Бабін, «Белсат»