Масква і Кіеў зрабілі першы крок да пачатку дыялогу


Іхнага вызвалення ўкраінцы чакалі даўно. І нарэшце сёння раніцаю аўтобусы з маскоўскага СІЗА «Лефортава» накіраваліся ў аэрапорт. На радзіму паехалі 11 украінскіх палітзняволеных і 24 маракі, якія трапілі ў расейскі палон у Керчанскай пратоцы.

Праз пяць гадзін пасажыраў у Кіеве віталі сваякі і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Мы дамовіліся пра першы этап разблакавання нашага дыялогу і першы этап спынення вайны, вяртання нашых палонных, нашых маракоў, вяртання нашых тэрыторыяў», – сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Пакуль жа з расейскіх турмаў вярнуліся людзі, за лёсам якіх украінцы сачылі найбольш. Гэта асуджаны на 20 гадоў зняволення рэжысёр Алег Сянцоў, які выступіў супраць анексіі Крыму, крымскататарскі актывіст Эдэм Бэкіраў, якога расейскія ўлады абвінавацілі ў незаконным абароце зброі, студэнт Павел Грыб, выкрадзены расейскімі спецслужбамі ў Беларусі.

«Я прыехаў у «Лефортава» – ад мяне адразу пачалі патрабаваць: напішы прашэнне аб памілаванні! Чаго я яго буду пісаць? Кажуць: давай пішы! Мяне прывезлі туды 16 жніўня», – распавядае Павел Грыб, вызвалены вязень.

Памілаванне прэзідэнта Пуціна стала фармальнаю падставаю для вызвалення 11 вязняў. 24 маракоў Крэмль адпусціў на парукі ўкраінскай упаўнаважанай у правах чалавека Людмілы Дзянісавай.Той самай раніцай у Маскву вылецеў рэйс з 35 расейцамі і ўкраінцамі, якіх выпусціў украінскі бок.

У адрозненне ад Кіева, ані родныя, ані прэзідэнт вызваленых не сустракалі. Абдымкамі свайго калегу, рэдактара парталу «РИА Новости Украина» Кірыла Вышынскага, вітаў адыёзны расейскі тэлевядоўца Дзмітрый Кісялёў.

«У Расейскай Федэрацыі, па сутнасці, чакалі толькі Вышынскага, які быў важны з пункту гледжання прапагандысцкай карцінкі і рэсурсу. А наконт астатніх грамадзянаў – журналісты, як я ўбачыў, нават не былі гатовыя назваць іхныя імёны», – кажа Алег Саакян, палітолаг, Кіеў.

Сярод тых, хто прыляцеў у Маскву, – захопленыя на Данбасе расейскія вайскоўцы, а таксама грамадзяне Украіны, якіх Кіеў абвінавачваў ва ўдзеле ў незаконных узброеных фармаваннях, шпіянажы ды арганізацыі тэрактаў. Перадалі ў Маскву і камандзіра падраздзялення супрацьпаветранай абароны данецкіх сепаратыстаў Уладзіміра Цэмаха. Медыі называлі яго ключавым сведкам у справе збітага над Данбасам «Боінгу».

«Ужо былі праведзеныя з ім следчыя дзеянні. Наколькі мне вядома, да яго былі дапушчаныя прадстаўнікі Нідэрландаў, каб правесці з ім размову. Я думаю, ні на што гэтая выдача не паўплывае, бо вяртанне грамадзянаў для ўкраінскай дзяржавы, нават з пункту гледжання Канстытуцыі, ёсць найвышэйшай каштоўнасцю», – лічыць Алег Саакян, палітолаг, Кіеў.

Ці сапраўды вяртанне дадому маракоў і палітвязняў каштоўнейшае за магчымыя паказанні сведкі ў справе гібелі малайзійскага «Боінгу», запыталіся мы ў жыхароў Кіева.

«Калі гаворка ідзе пра нашых людзей, пра нашых маракоў, то яны заслугоўваюць такога абмену!»

«Не вельмі правільна! Вельмі шмат людзей тады загінула. Колькі – трыста? Трыста!»

«Ён нічога не ведаў, таму яго і аддалі!»

«Усіх на ўсіх! Дай Бог, каб і астатніх нашых хлопцаў вызвалі».

Абмену ўсіх на ўсіх сёння не было. Паводле о́мбудсвумен Людмілы Дзянісавай, у Расеі і анексаваным Крыме застаюцца 110 украінскіх палітвязняў. Яшчэ 223 утрымліваюцца ў палоне на Данбасе.

Аляксандр Папко belsat.eu