Машына хуткай за ахвяраванні


Аб складанай сітуацыі з каронавірусам у Жлобіне і сур’ёзнай нагрузцы на лекараў распавядаюць самі хворыя.

«Я ў паліклініку прыйшла а 16-й гадзіне вечара і праседзела перад тым, як патрапіць да лекара, да 22-й гадзіны. Пасля мяне, я палічыла, заставалася 13 чалавек», – узгадвае Надзея Дзікун, якая перахварэла на COVID-19

Паводле інфармацыі нашых крыніцаў, у Жлобінскім шпіталі для каронавірусных хворых вылучылі каля трохсот ложкаў. Акрамя інфекцыйнага, прымаюць аддзяленні тэрапіі, кардыялогіі, неўралогіі. Смяротнасць – каля дзвюх асобаў штодня. Велізарная нагрузка легла на хуткую дапамогу: выклікаў шмат, а машынаў для абслугоўвання не стае.

«Вельмі вострая праблема». – «Усяго 10 машын хуткай у вас, так?» – «Ну, у нас па разліках павінна быць 12. Проста неўкамплектаваныя. У цяперашняй сітуацыі, звязанай з колькасцю выклікаў, вядома, не хапае», – ананімна падзяліўся працаўнік адміністрацыі Жлобінскага шпіталю.

Перыядычна шпіталь купляе запасныя дэталі для машынаў, а ў 2017 і 2019 гадах набылі тры карэты хуткай. Аднак гэтага не стае, і з пачатку снежня мясцовы райвыканкам рассылае па прадпрыемствах Жлобіна дакументы з просьбаю дапамагчы купіць яшчэ адну машыну.

Ліст з просьбай дапамагчы набыць машыну хуткай.
Фота: belsat

Падчас сустрэчы з грамадзянамі сітуацыю пракаментаваў дэпутат Ігар Таўтын, чалец камісіі аховы здароўя.

«Ён сказаў: «Бюджэт пусты». Бюджэт пусты, а чаму для амапаўцаў грошы ёсць? Куды вы, дэпутаты, гледзіце? Ён нічога не змог мне адказаць», – расказвае Надзея Дзікун.

Паводле прадстаўніка афіцыйнага дылера «Белгазаўтасэрвісу» самая танная машына хуткай дапамогі каштуе не менш як 100 тысяч рублёў. З абласнога бюджэту ў раённы на ахову здароўя за першыя 9 месяцаў года пералічылі 880 тысяч рублёў, гэта трэцяя пазіцыя ў выдатках. Але толькі 40 тысяч рублёў з іх выдаткавалі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сітуацыю, калі купля такога ўзроўню і такой важнасці, як машына хуткай дапамогі, робіцца не з дзяржаўнага бюджэту, кандыдат эканамічных навук Дзмітрый Сокал не лічыць унікальнай.

«Гэта не першы вопыт таго, што ўлады імкнуцца зрабіць нейкую талаку для таго, што самі павінны выконваць. І такім чынам паказаць сябе як бок, які ідзе на камунікацыю, на дыялог і яднае людзей для таго, каб зрабіць нейкую добрую справу», – лічыць Дзмітрый Сокал.

Паводле эксперта, скідвацца на нешта, не набытае праз бюджэт, стала магчыма пасля зацверджання новай рэдакцыі Закону аб самакіраванні. Але на справе ў Законе не прапісаныя інструменты для рэалізацыі такога збору.

«Немагчыма адсачыць, як выконваюцца ўсе абавязкі. Таму што калі рахунак нямэтавы, то грошы з яго можна выдаткоўваць на што заўгодна, і потым вы, як грамадзянін, не зможаце адсачыць, ці вашыя грошы былі выдаткаваныя на тое, на што збіраліся», – распавядае Дзмітрый.

Пакуль на машыну хуткай дапамогі збіраюць па-за межамі бюджэту, у Жлобіне некалькі дзён таму адкрылі новы будынак аддзелу прымусовага выканання агульнай плошчай 617 квадратных метраў.

Алена Дубовік, Белсат.