Масавыя затрыманні не спынілі пратэстаў


Брутальныя затрыманні ля Камароўскага рынку распачаліся адразу, як толькі людзі сталі збірацца на Марш дзеля падтрымання рэпрэсаваных. У мікрааўтобусы без нумароў сілавікі ў масках забралі каля дзесяці асобаў.

«Я супраць прэзідэнта-садыста. І ўсе мы тут супраць. Чаму яны ходзяць у масках? Чаму саромеюцца паказаць свой твар?»

«Калі чалавек не ведае, што казаць, ён выкарыстоўвае толькі сілу. І яны толькі так могуць з намі змагацца, бо мы змагаемся за сумленнасць, нас вельмі шмат, яны не ведаюць, што з намі рабіць».

Усяго на пляцоўцы каля Камароўскага рынку сабраліся некалькі соцень чалавек. Дзяўчаты скандавалі «Марыя!» на знак падтрымання чальца прэзідыуму Каардынацыйнае рады Марыі Калеснікавай. Напярэдадні яе выкралі невядомыя, а сёння раніцаю палітыка спрабавалі ґвалтоўна вывезці ва Украіну.

«Я лічу, што ўсе панясуць адказнасць, дзеля гэтага і выходжу ды намагаюся дамагчыся справядлівасці».

«Мы будзем зрываць маскі, можа быць, гэта адзінае нашае выйсце. Калі законы не дзейнічаюць, мы штосьці мусім рабіць».

Утварыўшы калону, удзельнікі акцыі прайшлі да плошчы Якуба Коласа па вуліцах Куйбышава і Машэрава, намагаючыся трапіць у выніку на праспект Незалежнасці, аднак на падыходзе чакалі новыя аўтазакі. І распачаліся новыя затрыманні, у тым ліку ў дварах.

Юлія Лабанава, «Белсат»