Толькі сярод сябраў незалежных прафзвязаў апошнім часам з розных прадпрыемстваў звольнілі каля паўсотні асобаў. Гэткі лік агучылі падчас прэс-канферэнцыі свабоднага прафзвязу металістаў.
«Рэпрэсіі прайшлі па заводах – на Менскім электрахімзаводзе звольнілі 26 сябраў прафзвязу, на Менскім заводзе колавых цягачоў – 9, на менскім заводзе «Белкамунмаш» –12», – кажа старшыня СПМ Аляксандр Бухвостаў.
Новая хваля звальненняў прайшла пасля 26 кастрычніка, калі працаўнікі заводаў спрабавалі далучыцца да агульнага страйку, абвешчанага камандай Святланы Ціханоўскай. Пазвальнялі нават тых, хто быў у той час у афіцыйным адпачынку.
«Ёсць спісы, і там пазначаная дата майго звальнення – 11 лістапада. У забастоўцы я не брала ўдзелу, 26 кастрычніка мяне не было на заводзе», распавядае працаўніца МЭТЗ Яніна Малаш.
Лік звольненых з заводаў краіны насамрэч значна большы, бо далёка не ўсе з іх – сябры незалежных прафзвязаў.
«Паводле нашых ацэнак, каля 50 чалавек звольнілі з трактарнага. Прычым цэлымі зменамі – у другім механічным звольнілі амаль цалкам змену, якая займалася збіраннем трансмісіі», – кажа электрагазазварнік з МТЗ Міхаіл Громаў.
На Менскім электратэхнічным заводзе звальненні таксама можна назваць масавымі.
«На гэты момант прынамсі 22 чалавекі звольненыя: усе паводле аднаго артыкулу 42.7, пяты раздзел – нанясенне стратаў прадпрыемству ў памеры не меншым за тры сярэднія заробкі», – кажа інжынер-канструктар з МЭТЗ Віталь Чычмароў.
Рабочыя падкрэсліваюць, што не мелі на мэце рабіць шкоду прадпрыемствам.
«Мы ж уласна не дамагаліся спыніць вытворчасць, мы хацелі, каб нас пачулі. Згодна з законам мы маем права на правядзенне агульнага сходу працаўнікоў прадпрыемства. Мы прапаноўвалі правесці гэты сход», – тлумачыць Міхаіл Громаў.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук не лічыць масавыя звальненні выпадковымі. Паводле яго, гэта ціск на незалежны рух прафзвязаў:
«У свой час 20 гадоў таму ў сталіцы разграмілі незалежны прафзвязавы рух на буйных заводах – МАЗ, МТЗ, Маторным заводзе. Цяпер гісторыя паўтараецца».
Паводле звестак саміх працаўнікоў заводаў, на іхныя месцы прыехалі штрэйкбрэхеры. Але высакакласных адмыслоўцаў замяніць не так проста, кажа Віталь Чычмароў:
«На іхнае месца трэба кагосьці рыхтаваць. Рыхтаванне, напрыклад, на маё месца зойме год, калі не больш, – каб падрыхтаваць чалавека, які мог бы рабіць усё тое, што рабіў я».
Людзі збіраюцца падаваць заявы ў суд за незаконныя звальненні. Незалежныя прафзвязы кажуць, што беларускіх працоўных падтрымліваюць глабальны прафзвяз «Індастрыял», прафзвязы Францыі, Італіі, Польшчы, Славаччыны ды іншых краінаў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»