Марына Золатава: «Палёгкаю стала, што ўсё скончылася». Вырак па «справе БелТА»


У Менску агучылі вырак па гэтак званай «справе БелТА». Якое рашэнне прыняў суд Завадскога раёну, і што гэта значыць як для самой Марыны Золатавай, гэтак і для ўсіх беларускіх медыяў агулам – у матэрыяле Змітра Міцкевіча.

У каго капшук паўнейшы, у таго і суд спраўнейшы – здаўна кажуць беларусы. І ў нашым выпадку капшук БелТА напаўняць будуць не толькі звычайныя падаткаплатнікі. Паводле рашэння суда, амаль шэсць тысяч долараў мусіць выплаціць галоўная рэдактарка Тут.бай Марына Золатава.

Такім стаўся вынік гэтак званай справы БелТА – абвінавачанняў на адрас работнікаў парталаў Тут.бай і БелаПАН ад дзяржаўнага агенцтва. Нібыта журналісты карысталіся платнаю падпіскаю дзяржаўнага агенцтва, што прынесла яму страты. І калі іншыя абвінавачаныя ўжо сплацілі адміністратыўныя спагнанні, супраць Марыны Золатавай распачалі крымінальную справу – маўляў, наўмысна не выконвала службовых абавязкаў.

Марына Золатава, галоўны рэдактар Tut.by:

«Палёгкаю стала, што ўсё скончылася, што мне ў Дзень беларускай міліцыі вынеслі прысуд. Я не спадзявалася, што гэта можа быць апраўдальны прысуд. Але тое, што гэта 300 базавых, а не 1000 – гэта ўжо значна лепей».

Золатава зможа застацца на пасадзе галоўнага рэдактара Тут.бай – артыкул прадугледжваў забарону займаць кіроўныя пасады на пэўны час. Адмыслоўцы ацэньваюць справу як дэманстрацыю ўладамі сілаў і намеру ўплываць на інфармацыйную прастору любымі захадамі.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ, гаворыць:

«Незалежныя выданні ў Беларусі выйгралі інтэрнэт. Пакуль БелТА, «СБ» ды іншыя раёнкі падпісвалі людзей на свае газеты, мы выйгралі інтэрнэт, мы перамаглі там. Таму мы мусім быць асцярожнымі і чакаць, што ўлады зразумелі гэта. Улады зразумелі, што прайгралі інтэрнэт, яны спрабуюць адыграцца ў гэтай сферы».

А што думае пра «справу БелТА» аўдыторыя айчынных медыяў?

«Гэта такі момант барацьбы з інфармацыйнаю супольнасцю».

«Я проста хачу сказаць, што гэта няправільна, і ўсё».

«Гэта называецца канкурэнцыя паміж дзяржаўнымі СМІ і недзяржаўнымі».

«Я не магу сказаць, што віны Тут.бай няма ў гэтым, але 6 тысяч долараў – сума вялікая».

«Ну, вы ж разумееце, што гэта палітызаваны судовы працэс. Для мяне гэта смешная сітуацыя абсалютна».

Толькі ў мінулую пятніцу падчас гэтак званай вялікай размовы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што журналісты мусяць «адчуваць мяжу дазволенага». Яшчэ раней кіраўнік краіны заявіў пра неабходнасць узмацніць інфармацыйную бяспеку.

«Нам паказалі, што нават калі ты Тут.бай, нават калі ты БелаПАН, калі ты робіш якасную журналістыку, калі ўсе твае словы ў матэрыялах пацверджаныя дакументальна, да цябе заўсёды ўсё роўна могуць прыбегчы следчыя, учыніць ператрус, пасадзіць цябе ў ізалятар часовага ўтрымання і потым асудзіць», – гаворыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Незалежныя СМІ традыцыйна зазнаюць пераслед перад важнымі электаральнымі кампаніямі. Старшыня ЦВК ужо анансавала, што даты волевыяўлення могуць быць агучаныя ўжо ўвесну. Абвастрэннямі беларускае Фэміды калегаў не здзівіць.

Марына Золатава, галоўны рэдактар Tut.by:

«Калі б я не захоўвала аптымізму, я б даўно не працавала ў такой сферы. Ёсць розныя фактары, якія паказваюць, што рэгуляцыі ды кантроль у гэтай сферы будуць усё больш жорсткія. Але гэта ж не значыць, што мы мусім спыніць працу раптам ці з’ехаць куды-небудзь».

Найлепшы адказ на такія дзеянні ўладаў – толькі добрая сумленная праца. Чым больш якасных матэрыялаў робяць незалежныя журналісты, тым на большае падтрыманне грамадскасці яны могуць разлічваць.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu